World Invention Competition And Exhibition (WICE) — 2022 праходзіў з 26 па 30 верасня ў Малайзіі.
На гэтым прэстыжным міжнародным конкурсе навучэнка аб’яднання па інтарэсах «Генетыка і селекцыя» Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 1 Новалукомля Алена Джанаян атрымала залатую ўзнагароду.
Алена прадставіла ў Малайзіі вынікі свайго даследчага праекта на тэму «Стварэнне інавацыйнага прэпарата для выкарыстання ў раслінаводстве на аснове кансорцыума бактэрый і мікраводарасцяў». Дзяўчына працавала над ім на базе даследчай лабараторыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства на працягу 2020-2022 гадоў. Ёй удалося аптымізаваць працэс вытворчасці біятэхналагічных мікробных прэпаратаў і выключыць з тэхналагічнага працэсу высоказатратныя аперацыі. Вынікам карпатлівых даследаванняў стаў унікальны па сваіх уласцівасцях біятэхналагічны прадукт, які можа шырока выкарыстоўвацца для аховы раслін ад хвароб і павелічэння ўраджаю.
Сусветны конкурс (выстава) вынаходстваў «World Invention Competition And Exhibition» на працягу апошніх дзесяці гадоў з’яўляецца найбуйнейшым міжнародным адукацыйным мерапрыемствам у Паўднёва-Усходняй Азіі. Ён аб’ядноўвае навучэнцаў і іх кіраўнікоў з больш як 40 краін.
Арганізатарамі конкурсу выступаюць Інданезійская асацыяцыя маладых вучоных і каледж SEGi у Субанг Джая пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Малайзіі.
За гады правядзення WICE ператварыўся ў маштабную падзею сусветнага ўзроўню і платформу для ўсебаковага абмену ведамі, досведам і навучання маладых таленавітых актыўных вынаходнікаў і наватараў з усяго свету.
Надзея Нікалаева
Звязда, 3 кастрычніка 2022
Звязда, 3 кастрычніка 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/14/66694
Текущая дата: 15.11.2024