Праект накіраваны на знаёмства моладзі з сацыяльнымі навукамі і дэманстрацыю разнастайнасці форм і жанраў сучаснай арт-культуры, уключаючы мастацтва, літаратуру, музыку, рэлігію і кінематограф.
Ініцыятарамі праекту выступаюць студэнты факультэта сацыякультурных камунікацый (ФСК). Яны самі прыдумляюць тэматыку падзей, вядуць перамовы з лектарам, займаюцца арганізацыйнымі пытаннямі. Праект уключае правядзенне шэрагу разнастайных па форме мерапрыемстваў з удзелам усіх ахвотных: студэнтаў, школьнікаў, незалежна ад месца іх навучання. Іх чакаюць лекцыі, майстар-класы, сустрэчы з выкладчыкамі, дзеячамі мастацтваў, рэжысёрамі, сцэнарыстамі, сумесныя кінапрагляды. На пляцоўках праекта можна пазнаёміцца з апошнімі тэндэнцыямі айчыннай і замежнай культуры. Дарэчы, першымі спікерамі сталі супрацоўнікі кафедры культуралогіі ФСК БДУ. Яны расказалі пра сучасную ўрбаністыку, культурныя патэрны рэкламы, біблейскія сюжэты і міфалогію ў творах мастацтва.
Майстар-класы, у прыватнасці, закрануць тэмы жывапісу. На іх удзельнікі даведаюцца пра асаблівасці выяўленчага мастацтва і змогуць паспрабаваць сябе ў ролі мастака пад кіраўніцтвам знакамітых майстроў. Такія арт-заняткі пройдуць пры садзейнічанні Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.
Прагляд класікі сусветнага кінематографа будзе адбывацца ў рамках «Кінапятніцы». Пасля паказу запланавана абмеркаванне стужкі з рэжысёрамі, сцэнарыстамі, крытыкамі і інш.
Акрамя таго, праект прадугледжвае публікацыйную актыўнасць аўтараў ініцыятывы. У сацыяльных сетках БДУ яны размяшчаюць пасты аб знакамітых дзеячах мастацтва, гісторыі культавых мастацкіх твораў, архітэктурных збудаванняў, дзеляцца ўражаннямі аб фільмах і прачытаных кнігах.
Бліжэйшым мерапрыемствам стане сеанс арт-тэрапіі, прымеркаваны да Дня ўсіх закаханых. Усіх жадаючых чакаюць 12 лютага ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пр-т Незалежнасці, 47). Пачатак у 17.30. Удзельнікаў чакае лекцыя аб графічнай плыні жывапісу «livred’artisve», абмеркаванне работ прадстаўнікоў дадзенага кірунку, ілюстраванне верша, які спадабаўся, з выкарыстаннем трох колераў: чорнага, белага і чырвонага.
Актуальную інфармацыю аб запланаваных мерапрыемствах арганізатары размяшчаюць у сацыяльных сетках «УКантакце», «Інстаграм» і Тэлеграм-канале.
Студэнцкая ініцыятыва «Культуралогія без межаў» стала ўладальнікам трэцяга месца конкурсу «Найлепшы моладзевы праект БДУ 2021 года». У бягучым годзе ён атрымаў грант ад універсітэта для далейшай рэалізацыі.
Надзея Нікалаева
Звязда, 10 лютага 2022
Звязда, 10 лютага 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/19/63462
Текущая дата: 15.11.2024