Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі трэба вельмі актыўна пачынаць новы навучальны год



Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 жніўня, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку.

"У любыя часы трэба вучыцца. Калі ў нас атрымаецца скомканым і пачатак навучальнага года, гэта зусім дрэнна. Вы помніце, як мы заканчвалі навучальны год у сувязі з каранавірусам і тымі насцярожанасцямі, якія былі ў грамадстве, асабліва ў бацькоў. Празмернымі насцярожанасцямі, як мы цяпер разумеем", - сказаў Прэзідэнт.

"Нам трэба вельмі актыўна пачынаць навучальны год, чаго б ні каштавала", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў чыноўнікаў на даклад (на мерапрыемстве прысутнічаў і віцэ-прэм`ер Ігар Петрышэнка), каб у першую чаргу пачуць не аб тым, што добра зроблена, а даведацца аб тых ці іншых праблемах, якія неабходна яшчэ вырашыць напярэдадні навучальнага года.

"Вельмі вас прашу, паглядзіце, каб дзеткі ў школу пайшлі ў нейкім знешне аднолькавым статусе. Не павінны адрознівацца дзеці з сем`яў багатых ад дзяцей з сем`яў бяднейшых. Трэба дапамагчы там, дзе трэба дапамагчы. Асабліва бедным сем`ям, шматдзетным. Хоць ужо не ведаю, як шматдзетным дапамагаць, - такі пакет у нас з боку дзяржавы сацыяльны, якога не мае ні адна дзяржава", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што і прадпрыемствы падключыліся да аказання дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да школы. "Ад сельгаспрадпрыемстваў да вялікіх прамысловых - усе дапамагаюць. Хто рукзак збярэ, нехта дзеткам форму купіць школьную, нехта грошай падкіне. Па-рознаму бывае, але ўсе далучыліся да гэтага, нягледзячы на тое, што некалькі тысяч у нас ходзяць па вуліцах і спрабуюць павярнуць сітуацыю ў свой бок", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Ігар Карпенка, па стане на пятніцу мінулага тыдня 96 працэнтаў школ у краіне атрымалі сертыфікаты гатоўнасці. "Працэс гэты завяршаецца. Нейкіх сур`ёзных праблем з падрыхтоўкай школ няма. На гэта дзяржава выдзеліла адпаведныя сродкі, мясцовыя органы ўлады актыўна працавалі. Мы адкрываем тры школы-новабудоўлі ў бягучым годзе", - адзначыў міністр.

24 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/22/55605
Текущая дата: 10.05.2024