Белорусский портал в Казахстане

Дзень ведаў - усенароднае свята



1 верасня Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт наведаў віцэ-прэм`ер Анатоль Тозік.

Прайшло ўрачыстае пасвячэнне першакурснікаў у студэнты, на лінейцы выступіў віцэ-прэм`ер і павіншаваў студэнтаў.

"Сёння ў студэнцкія аўдыторыі, школьныя класы, аўдыторыі ПТВ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і дашкольных устаноў адукацыі прыйшло амаль 2,5 млн нашых грамадзян, — сказаў віцэ-прэм`ер. — Гэта тыя, хто вучыцца, і тыя, хто вучыць. Калі да гэтага ліку людзей дадаць іх сем`і, то Дзень ведаў можна лічыць сапраўды ўсенародным святам". Анатоль Тозік адзначыў, што веды, інтэлектуальны патэнцыял беларускіх грамадзян — галоўная каштоўнасць і галоўны багаж нашага народа і нашай нацыі. Віцэ-прэм`ер заклікаў наваспечаных студэнтаў універсітэта старанна вучыцца, таму што гэта — аснова паспяховасці як самога чалавека, так і ўсёй дзяржавы.

Затым Анатоль Тозік наведаў жыллёвыя і вучэбныя аб`екты ўніверсітэта, пазнаёміўся з будаўніцтвам вучэбна-лабараторнага корпуса па вуліцы Паркавай, там адбылася размова з педагогамі і студэнтамі.

Анатоль Апанасавіч успомніў, як ствараўся ўніверсітэт у Баранавічах. па гэтым пытанні ён звяртаўся да Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы даў згоду на адкрыццё ўніверсітэта.

Віцэ-прэм`ер расказаў пра сітуацыю ў нашай краіне і нагадаў, што неабходна навучыцца зарабляць грошы.

— Не трэба прасіць дапамогі ў рэктара, а неабходна знайсці магчымасць зарабіць грошы, — сказаў ён.

Былі пытанні і да высокага госця, які да сённяшняй пасады працаваў паслом у Кітаі.

— А чым кітайскія студэнты адрозніваюцца ад нашых?

— Найперш высокай працаздольнасцю, жаданнем вучыцца і працаваць. Калі б мы ставіліся да працы так, як кітайцы, то жыццё наша было б, лічу, іншым, — адзначыў Анатоль Тозік.

Сымон Свістуновіч
Звязда, 2 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/23/8962
Текущая дата: 03.05.2024