Белорусский портал в Казахстане

Дабрачынная акцыя "У школу з добрым сэрцам" стартавала ў Беларусі



Аб гэтым паведаміла сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандра Ганчарова.

У Беларусі 12 жніўня стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя "У школу з добрым сэрцам". Валанцёры руху БРСМ "Добрае сэрца" арганізуюць збор канцылярскіх і спартыўных тавараў да наступнага навучальнага года для дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, 

"Гэты праект саюза моладзі накіраваны на аказанне адраснай сацыяльнай падтрымкі дзіцячым інтэрнатным установам, сем`ям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю і маюць цяжкасці пры падрыхтоўцы дзяцей да навучальнага года. У цэнтры ўвагі валанцёраў будуць знаходзіцца сацыяльна-педагагічныя прытулкі, карэкцыйна-развіваючыя цэнтры, шматдзетныя і няпоўныя сем`і. Акцыя прадоўжыцца да 15 верасня. Усяго па рэспубліцы плануецца правесці больш як 250 мерапрыемстваў. Прычым, акрамя ўстанаўлення кошыкаў для збору канцылярскіх тавараў і спартыўнага інвентару ў гандлёвых цэнтрах, на школьных базарах, запланавана наведванне з гульнявымі, забаўляльнымі і адукацыйнымі праграмамі сацыяльных устаноў рэспублікі", - расказала Аляксандра Ганчарова.

Так, Ленінская раённая арганізацыя БРСМ г.Брэста наведае гарадскі дзіцячы дом сямейнага тыпу. Аршанскі раённы камітэт правядзе канцэртныя праграмы з уручэннем падарункаў у гарадскім Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячым доме сямейнага тыпу ў аграгарадку Забалацце, раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры і Андрэеўскім дзіцячым доме. Актывісты Наваполацкага гарадскога камітэта падрыхтавалі шэраг забаўляльна-гульнявых праграм пад агульнай назвай "Лаві дабро" і з 28 жніўня наведаюць сацыяльна-педагагічны цэнтр і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання Наваполацка. 1 верасня ў Парку культуры і адпачынку горада адбудзецца забаўляльна-гульнявая праграма "Па школьных сцяжынках".

Слонімская арганізацыя БРСМ правядзе 1 верасня праграму "Ад сэрца да сэрца" для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-забаўляльнай адукацыі і развіцця з уручэннем канцылярскіх тавараў. Гомельскі абласны камітэт сумесна з валанцёрамі Добрушскага фарфоравага завода і філіялам Добрушскай папяровай фабрыкі збяруць канцылярскія тавары для дзяцей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Актывісты Калінкавіцкага раённага камітэта наведаюць шэраг сем`яў, дзе дзеці апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама сацыяльныя ўстановы.

Магілёўская абласная арганізацыя 13 жніўня дасць старт дабрачыннай акцыі ва ўнівермагу "Цэнтральны", дзе будуць сабраны канцылярскія і спартыўныя тавары для Клічаўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама выхаванцаў Клічаўскага раённага дзіцячага сацыяльнага прытулку. Валожынскі раённы камітэт БРСМ сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання і насельніцтва збяруць партфелі для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сталічная арганізацыя традыцыйна правядзе свята ў Мінскім заапарку 28 жніўня, дзе ўручыць партфелі першакласнікам са шматдзетных сем`яў.

Прыняць удзел у акцыі зможа кожны жадаючы. Любую пакупку можна будзе пакінуць у скарбонцы "Добрага сэрца". Падарункі для школьнікаў можна будзе прынесці ў тэрытарыяльныя і раённыя камітэты саюза моладзі.

Валанцёрскі рух "Добрае сэрца" - адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці БРСМ. Яго візітнымі карткамі сталі дабрачынны марафон "Усе фарбы жыцця для цябе", "Аднаўленне святынь Беларусі", "Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям".

12 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/27/55276
Текущая дата: 15.11.2024