Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль звярнуўся да студэнтаў і супрацоўнікаў установы. Відэазварот і тэкст размешчаны на сайце БДУ.
«Мы ўсе бачым, што адбываецца ў нас у краіне. У нашай міралюбівай Беларусі з`явілася месца гвалту і агрэсіі. Мы сталі забываць пра аснову ўстойлівага развіцця любога грамадства — талерантнасць і дыялог. У БДУ гэтыя прынцыпы з`яўляюцца ключавымі. Таму прашу кожнага з вас памятаць пра гэтыя амаль векавыя традыцыі універсітэта і імкнуцца глядзець на рэчы з розных бакоў.
У апошнія дні мы атрымліваем шмат зваротаў ад студэнтаў і выкладчыкаў. Мы чуем вас і падзяляем вашу занепакоенасць у многіх пытаннях. Запэўніваю, што за ўдзел у мірных акцыях адлічэнняў і звальненняў у БДУ не будзе. Для нас каштоўны кожны наш калега: і выкладчык, і навуковец, і студэнт. Мы з павагай ставімся да іх думак, калі толькі яны не выказваюць гвалту і правакацый.
Кіраўніцтва БДУ не прымае гвалту ў любой яго праяве. Памятайце, што наш калектыў заўсёды вылучаўся гуманнымі настроямі і ўчынкамі. Сёння мы бачым у нашай краіне рознагалоссе, і вельмі важна яго пераадолець праз дыялог, каб краіна і далей паспяхова развівалася» — сказаў Андрэй Кароль.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/27/55315
Текущая дата: 28.12.2024