Максімальны бал на ЦТ сёлета набралі 323 абітурыента, паведаміў 29 ліпеня дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.
«Усяго на ЦТ у Беларусі зарэгістравана 64 330 чалавек для праходжання 217 173 тэстаў, з іх 48 % — па чатырох прадметах. У тэставанні прынялі ўдзел 62 384 абітурыента, гэта значыць каля 3 % на выпрабаванне не з’явіліся. Ацэнванне вынікаў выканання тэстаў у гэтым годзе не мянялася. Абсалютныя вынікі — 100 балаў — паказалі 323 ўдзельніка ў 338 выпадках (па двух прадметах — 15 абітурыентаў, у 2019-м — 12). у 134 выпадках абітурыенты па выніках выканання тэстаў атрымалі нуль балаў. У мінулым годзе такіх было 152. Падчас рэзервовых дзён абсалютных вынікаў паказана не было», — распавёў Юры Міксюк.
Калі казаць аб выяўленых парушэннях падчас праходжання выпрабаванняў з боку абітурыентаў, то ў гэтым годзе іх было менш — 13, у мінулым годзе — 17. Традыцыйна гэта мабільныя тэлефоны. Акрамя таго, ёсць выпадкі выкарыстання шпаргалак і парушэнні парадку правядзення ЦТ.
«Тым не менш магу сказаць, што ўступныя іспыты ў форме ЦТ у 2020 годзе прайшлі ў адпаведнасці з дзеючымі нарматыўнымі прававымі актамі, з захаваннем правоў і законных інтарэсаў грамадзян, прымянення адзіных патрабаванняў да ўзроўню ведаў, уменняў і навыкаў абітурыентаў, адзінай методыкі ацэнкі работ удзельнікаў тэставання. Гэта значыць, мы змаглі забяспечыць выкананне тых задач, якія перад намі ставіліся. З аднаго боку — стварыць для абітурыентаў камфортныя і бяспечныя ўмовы, з другога — забяспечыць аб’ектыўнасць, роўнасць і незалежнасць пры ацэнцы іх ведаў», — дадаў дырэктар РІКВ.
Звязда, 29 ліпеня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/28/54923
Текущая дата: 15.11.2024