Белорусский портал в Казахстане

БДПУ стаў фіналістам міжнароднай прэміі Green Gown Awards-2020



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ВНУ.

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка стаў фіналістам міжнароднай прэміі Green Gown Awards-2020 у намінацыі "Далучанасць студэнтаў". На конкурс быў прадстаўлены праект "Школа зялёнага валанцёра: 17 МУР", што рэалізуецца рэсурсным цэнтрам Green Office BSPU. 

З лютага бягучага года каардынатары рэсурснага цэнтра праводзяць заняткі для студэнтаў універсітэта, на якіх знаёмяць іх з Мэтамі ўстойлівага развіцця. Школа накіравана на падрыхтоўку будучых педагогаў да папулярызацыі ідэй і прынцыпаў устойлівага развіцця. Заняткі праходзяць у форме дзелавых гульняў, міні-канферэнцый, інтэлектуальных гульняў, праектных майстэрань, урокаў-дыскусій, STEAM-урокаў.

Акрамя БДПУ ў намінацыі "Далучанасць студэнтаў" у фінал прайшлі ўстановы адукацыі з Аўстраліі, Аўстрыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Камеруна, Кіпра, Калумбіі, ЗША, Філіпін, Францыі. Пераможцы стануць вядомы 8 ліпеня ў час Палітычнага форуму ААН высокага ўзроўню па пытаннях устойлівага развіцця. З праектамі фіналістаў у розных намінацыях можна азнаёміцца ў брашуры Green Gown Awards-2020.

Міжнародная прэмія Green Gown Awards праводзіцца пры падтрымцы Праграмы ААН па навакольным асяроддзі. Сярод мэт прэміі - папулярызацыя ініцыятыў у галіне ўстойлівага развіцця, пошук лідараў у гэтай сферы, наладжванне супрацоўніцтва паміж універсітэтамі/каледжамі, бізнесам, органамі дзяржкіравання і грамадзянскай супольнасцю для пашырэння гэтых ініцыятыў.

11 чэрвеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/29/54075
Текущая дата: 15.11.2024