Белорусский портал в Казахстане

Выдавецтва «Беларусь» да канца года плануе выпусціць падборку кніг для патрыятычнага выхавання дзяцей



Пра гэта распавяла загадчыца аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская

«Навучальны працэс непарыўна звязаны з выхаваўчай працай. Выдавецтва "Беларусь" падручнікі не выпускае, але ўся наша літаратура накіравана на выхаванне патрыятызму ў дзяцей. Самае галоўнае-навучыць дзяцей любіць Радзіму. І пачынаць прывіваць гэтую любоў можна з самага ранняга ўзросту», — сказала Анжэла Садоўская.

Навінкай, якая распавядае пра Беларусь і прывівае любоў да краіны, стала кніга «Усе дарогі вядуць да нас: Геаграфічнае становішча Беларусі». «Яна разлічана на дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Але ўжо з 4-5 гадоў бацькі могуць чытаць дзецям гэтую кнігу. Яна ўнікальная маляўнічымі ілюстрацыямі і займальнай формай падачы інфармацыі. Па вопыце, дзеці ўвечары аддаюць перавагу гэтай кнізе больш, чым любыя казкі», — дадала загадчык аддзела.

Выдавецтва плануе да канца года выпусціць яшчэ некалькі падобных кніг. «Гэтая кніга знаёміць з геаграфічным становішчам, нашымі шасцю абласцямі, з якімі краінамі мы мяжуем. Усё пачынаецца з гімна, дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў. Да канца года мы плануем яшчэ пяць кніг з гэтай серыі, якія будуць асобна прысвечаны архітэктуры, культуры, знакамітым землякам. Разлічваем, што гэтыя кнігі будуць добрымі памочнікамі і выхавальнікам у дзіцячых садках, і настаўнікам для пазакласных заняткаў», — адзначыла Анжэла Садоўская.

Працягнула Выдавецтва працу і над ужо традыцыйнымі серыямі: «Гісторыя для школьнікаў», якая расказвае пра герояў Вялікай Айчыннай вайны," Школьная бібліятэка", якая выпускаецца як для школьнікаў, так і аматараў класікі," Беларуская дзіцячая энцыклапедыя", прысвечаная гістарычным і знамянальным падзеям краіны.

Звязда, 15 жніўня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/3/74937
Текущая дата: 26.12.2024