Белорусский портал в Казахстане

Электронная бібліятэка БДУ захавала статус лідара ў Еўропе сярод універсітэцкіх рэпазіторыяў



Электронная бібліятэка БДУ захавала ў агульнай табліцы сваю ранейшую пазіцыю — 11 месца, хоць колькасць удзельнікаў рэйтынгу узрасла з двух да трох тысяч.

Па дадзеных на красавік бягучага года, рэпазіторый БДУ замкнуў тройку ў сусветным рэйтынгу ўніверсітэцкіх бібліятэк “Transparent Ranking: Іnstitutional Repositories by Google Scholar”, саступіўшы Федэральнаму ўніверсітэту Рыа-Гранды-ду-Сул (Бразілія) і Універсітэту Кіёта (Японія). Сярод беларускіх электронных архіваў месцы размеркаваліся наступным чынам: БНТУ (53), БДЭУ (133), ВДУ імя П.Машэрава (225), БДМУ (230), БДТУ (284), ГрДМУ (321), ПДУ (346) і г.д.

Сярод універсітэтаў краін-суседзяў найлепшыя паказчыкі ў Сумскага дзяржаўнага ўніверсітэта (47), Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта (74), Казанскага федэральнага ўніверсітэта (93) і Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта “Харкаўскі політэхнічны інстытут” (96).

Рэйтынг ахапіў больш за тры тысячы лічбавых сховішчаў ВНУ і даследчых цэнтраў з усяго свету. Ацэнка праводзіцца па адным крытэрыі - колькасці дакументаў у бібліятэцы, праіндэксаваных пошукавай сістэмай Гугл-Акадэмія (Google Scholar) . Першыя радкі ў агульным рэйтынгу занялі базы дадзеных медыцынскіх і біялагічных публікацый EuropePubMedCentral, астрафізічнай інфармацыйнай сістэмы НАСА (Smithsonian / NASAAstrophysicsDataSystem) і Электронная бібліятэка CiteSeerХ.

Рэйтынг рэпазіторыяў адкрытага доступу з`яўляецца ініцыятывай лабараторыі “CybermetricsLab”, вядомай дзякуючы свайму вебаметрычнаму рэйтынгу ўніверсітэтаў. Мэтай складання рэйтынгу электронных бібліятэк з`яўляецца падтрымка адкрытага доступу да навуковых публікацый і вучэбных матэрыялаў у электроннай форме. Яго стваральнікі імкнуцца матываваць даследчыкаў публікаваць вынікі сваёй навуковай дзейнасці ў інтэрнэце, робячы іх даступнымі для калег і зацікаўленых людзей па ўсім свеце. Такім чынам ацэньваецца ўзровень адкрытасці акадэмічных рэсурсаў і іх інтэграцыя ў сусветную інфармацыйную прастору.

Адзначым, што Электронная бібліятэка БДУ ўваходзіць у рэйтынг з 2012 года і з`яўляецца адным з найбуйнейшых  лічбавых сховішчаў у свеце па колькасці дакументаў. У цяперашні час яна захоўвае больш як 160 тысяч публікацый навукоўцаў і выкладчыкаў універсітэта.

Надзея Нікалаева
Звязда, 6 траўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/30/53344
Текущая дата: 15.11.2024