Белорусский портал в Казахстане

Кожны настаўнік персанальна адказвае за атэстацыю школьнікаў



Аб гэтым заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас сустрэчы з дырэктарамі ўстаноў адукацыі Валожынскага раёна.

«Ёсць нарматыўныя дакументы, як атэстоўваць школьнікаў. У нас заўсёды настаўнік персанальна адказваў за атэстацыю школьнікаў канкрэтнага класа. Хтосьці прыйшоў на заняткі, хтосьці мае зносіны з настаўнікам па інтэрнэце. І што змяніла пандэмія? Кожны настаўнік ведае сваіх вучняў і на што яны здольныя, — сказаў Ігар Карпенка. — У нас, да прыкладу, першыя-другія класы наогул не атэстуюцца. У трэціх і чацвёртых класах ёсць шэраг прадметаў, па якіх не ідзе атэстацыя».

Міністр адзначыў, што сённяшняя сустрэча — магчымасць пагутарыць і падняць тыя пытанні, якія хвалююць педагогаў. Разам з тым ён асабліва падкрэсліў, што школа выконвае ўскладзеную на яе функцыю, але гэта не выключае адказнасці бацькоў за адукацыю свайго дзіцяці.

«Нельга ўспрымаць адукацыю як нейкую паслугу, якую мы аказваем з пункту гледжання рынкавых механізмаў. Настаўнік можа выкласціся і на 150 %, але калі дзіця не захоча прыкласці нейкія намаганні, каб засвоіць матэрыял, — нічога не адбудзецца. Вучоба — гэта сур’ёзная і адказная праца. Трэба мець сілу волі, быць арганізаваным, сабраным. Так, школа павінна стварыць умовы, але не замяняць бацькоў. Гэта сёння важна данесці да грамадства», — дадаў Ігар Карпенка.

Звязда, 22 траўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/30/53642
Текущая дата: 15.11.2024