Белорусский портал в Казахстане

Накіроўваць дзяцей на аздараўленне ў стацыянарныя лагеры прапануецца не раней за 15 чэрвеня



Аб гэтым паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

У Беларусі крыху карэкціруецца праграма летняга аздараўлення школьнікаў. Накіроўваць іх у стацыянарныя лагеры, хутчэй за ўсё, пачнуць не раней за 15 чэрвеня. 

"Сумесна з Міністэрствам аховы здароўя, Мінадукацыі цяпер абмяркоўваем і павінны 15 мая ўнесці прапановы ва ўрад па тэрмінах правядзення летняй аздараўленчай кампаніі. Пакуль плануем, што яна пачнецца 15 чэрвеня. Гэта значыць, накіроўваць у стацыянарныя лагеры будуць не раней за гэты тэрмін. Дзённыя прышкольныя лагеры па заяўным прынцыпе арганізуем пад патрэбнасці", - расказаў Генадзь Балбатоўскі.

Пакуль плануецца, што гэтым летам у лагерах розных тыпаў аздаровяцца больш за 394 тыс. беларускіх школьнікаў. Усе падрыхтоўчыя мерапрыемствы ідуць па графіку, праводзяцца пасяджэнні выканкамаў па ўзгадненні аб`ёмаў і ўстанаўленні тэрмінаў кампаніі. Узгоднены памеры датацый для зніжэння кошту пуцёвак, вызначаны сумы бюджэтнага фінансавання. "Нават калі мы пачнём аздараўленне з 15 чэрвеня, то паспеем правесці чатыры змены па 18 дзён, інтэрвалы паміж імі можна скараціць (па санэпідрэжыме) да сутак", - дадаў Генадзь Балбатоўскі.

Усяго на правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі ў бягучым годзе рэспубліканскаму цэнтру з бюджэту выдзелена амаль Br50 млн, з якіх толькі каля Br550 тыс. пойдуць на фінансаванне мерапрыемстваў па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы здраўніц. Уся астатняя сума накіравана на патанненне кошту пуцёвак. Між тым уся сума, якую плануецца накіраваць на падрыхтоўку і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, складае амаль Br15 млн (з улікам названых вышэй бюджэтных сродкаў, сродкаў рэспубліканскага суботніка і грошай уласнікаў).

13 мая 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/31/53445
Текущая дата: 28.12.2024