Белорусский портал в Казахстане

Мінадукацыі рэкамендуе выпускнікам замест запуску паветраных шароў пасадзіць кветкі і дрэвы



Мінадукацыі рэкамендуе школьнікам у час апошняга званка і выпускнога вечара не запускаць у неба паветраныя шары, а пасадзіць кветкі або дрэвы.

Ведамства даручыла аблвыканкамам і кіраўнікам устаноў адукацыі правесці растлумачальную работу з навучэнцамі па пытаннях бяспечных паводзін на мерапрыемствах, гаворыцца ў загадзе нумар 270 ад 8 красавіка 2020 года, размешчаным на афіцыйным сайце.

У ведамстве нагадваюць, што распіццё алкагольных і слабаалкагольных напояў не дапускаецца. У час масавых гулянняў на гарадскіх вуліцах і ў парках, сустрэч світання выпускнікоў будуць суправаджаць педработнікі і законныя прадстаўнікі навучэнцаў.

Апошні званок для навучэнцаў IX, XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска празвініць 29 мая, астатніх рэгіёнаў - 30 мая. Выпускныя вечары з уручэннем атэстатаў у школах запланаваны на 10 або 11 чэрвеня. У асобных выпадках выпускны вечар можа праводзіцца ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, установах культуры.

Час, працягласць мерапрыемстваў, а таксама канкрэтная дата і месца выпускнога вечара вызначаюцца рашэннем, якое прымае кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

9 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/32/52621
Текущая дата: 15.11.2024