Белорусский портал в Казахстане

Конкурс творчых работ "Бежанцы і безграмадзянства" абвешчаны ў БДУ



Да ўдзелу ў ім запрашаюцца студэнты ВНУ, навучэнцы сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі Беларусі.

Конкурс накіраваны на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем бежанцаў, фарміраванне талерантнасці і паважлівага стаўлення да гэтай катэгорыі грамадзян. 

Спаборніцтва абвешчана ў трох намінацыях: «Прататып інфармацыйнай кампаніі па асвятленні праблемы бежанцаў і (або) безграмадзянства», «Плакат / фотаработа/ фотаплакат» і «Графіці скетч / малюнак. Работы могуць быць выкананы індывідуальна, а таксама калектыўна, і прымаюцца да 1 кастрычніка ўключна.

Арыгіналы ўдзельнікам прапануецца адправіць у электронным выглядзе, загрузіўшы іх на гугл-воблака і па пошце: 220050, г. Мінск, а / с 245, МГА «Развіццё», з пазнакай на канверце «Конкурс творчых работ». Ацэньвацца будуць змястоўнасць, арыгінальнасць падачы матэрыялу і тэхнічнае выкананне.

Падвядзенне вынікаў адбудзецца ў канцы кастрычніка. Пераможцы конкурсу атрымаюць грашовыя ўзнагароды. Таксама экспертная камісія вызначыць лепшыя працы, якія пакажуць шырокай аўдыторыі.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць факультэт міжнародных адносін БДУ, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і Міжнароднае грамадскае аб’яднанне па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах «Развіццё».

Анкета і ўмовы ўдзелу ў конкурсе размешчаны на сайце МГА «Развіццё».

Надзея Нікалаева
Звязда, 7 красавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/33/52609
Текущая дата: 27.12.2024