Белорусский портал в Казахстане

Кампанія «Wargaming» вызначылася са сваімі стыпендыятамі



Шаснаццаць студэнтаў БДУ сталі ўладальнікамі гранта першага конкурсу «Стыпендыя Wargaming».

Дыпломы пераможцам падчас урачыстай цырымоніі уручыў дырэктар кампаніі Wargaming Group Limited Уладзімір Кіслы.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Ірына Старавойтава, першы прарэктар БДУ акадэмік Алег Івашкевіч, дырэктар Аб`яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Тузікаў, намеснік дырэктара па персаналу мінскага цэнтра распрацоўкі кампаніі Wargaming Дзмітрый Кіроль і іншыя.

Лаўрэатамі стыпендыі сталі студэнты чатырох факультэтаў БДУ, на якіх у свой час вучыліся заснавальнікі кампаніі Wargaming: хімічнага, фізічнага, факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі і факультэта рыдыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій

Як адзначыў Уладзімір Кіслы, правядзенне такога конкурсу матывуе студэнтаў да навукова-даследчай дзейнасці. Стыпендыі дазваляюць ім публікаваць свае матэрыялы ў замежных выданнях, заказваць пераклад навуковых артыкулаў на замежныя мовы, аплачваць абсталяванне і інш.

«Кампанія Wargaming бачыць велізарны патэнцыял у беларускай сістэме вышэйшай адукацыі, якая ўнесла істотны ўклад у развіццё ІТ-галіны ў тым ліку», — падкрэсліў ён.

Адзначым, што для атрымання гранта студэнтам неабходна было мець высокую ацэнку паспяховасці, падрыхтаваць матывацыйнае эсэ, аўтабіяграфію, а таксама займацца навукова-даследчай дзейнасцю. Гранты будуць выплачвацца штомесяц на працягу семестра.

Даведка

Кампанія «Wargaming» — адзін з найбуйнейшых сусветных выдаўцоў і распрацоўшчыкаў на рынку free-to-play MMO. У яе офісах па ўсім свеце працуюць 4500 работнікаў.

Аўдыторыя гульняў Wargaming, уключаючы флагманскія праекты World of Tanks і World of Warships, ахоплівае больш за 200 мільёнаў карыстальнікаў на ўсіх буйных гульнявых платформах.

У кампаніі актыўна развіваецца сацыяльны напрамак: Wargaming супрацоўнічае з музеямі, рэалізуе адукацыйныя і дабрачынныя праекты, а таксама ўдзельнічае ў захаванні і папулярызацыі ваеннай гісторыі.

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 5 кастрычніка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/35/50138
Текущая дата: 27.12.2024