Белорусский портал в Казахстане

Тэмай першай лекцыі ў школах стане радок з верша Янкі Купалы "Маладая Беларусь"



Аб гэтым паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў, у 2019 годзе плануецца правесці ў панядзелак, 2 верасня. Тэмай першай лекцыі стане радок з верша Янкі Купалы "Маладая Беларусь" - "Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!". 

Плануецца, што ў новым навучальным годзе вучыцца пачнуць 1 млн 30 тыс. школьнікаў, у тым ліку 115 тыс. першакласнікаў. Усе ўстановы адукацыі будуць забяспечаны педагагічнымі кадрамі. У 2019 годзе на работу сюды накіравана 4,3 тыс. маладых спецыялістаў.

Да новага навучальнага года ў Беларусі расчыняць дзверы восем школ-новабудоўляў на амаль 7,3 тыс. месцаў. У іх ліку дзве ў Мінску - адна ў Першамайскім раёне (СШ нумар 93 на 792 месцы, другая - у Фрунзенскім (СШ нумар 2 на 1020 месцаў).

Напярэдадні, 14 жніўня, міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў абедзве школы і азнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базай, умовамі для навучання і выхавання дзяцей.

Так, СШ нумар 93 размяшчаецца ў сучасным будынку, аснашчаным усім неабходным для вучобы, заняткаў спортам і пазакласных мерапрыемстваў. Будаўніцтва пачалося ў 2018 годзе, цяпер школа практычна гатова. У ёй ёсць некалькі рэсурсных цэнтраў, лабараторыі, лінгафонныя кабінеты, спартыўная, гімнастычная і трэнажорная залы з раздзявалкамі, а таксама залы для харэаграфіі і рытмікі, лыжная база, майстэрні па апрацоўцы тканіны, драўніны, металу.

Акрамя таго, у школьнікаў будзе магчымасць наведваць вучэбны цір. Сталовая разлічана на 340 пасадачных месцаў, ёсць вітамінны бар.

Акрамя таго, тут будзе створана безбар`ернае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прадугледжаны ліфт, пандус, спецыяльныя месцы ў актавай зале, вучэбных кабінетах, асобныя раздзявалкі, санвузлы, душавыя, расказалі ў прэс-цэнтры.

Сярэдняя школа нумар 2 у Фрунзенскім раёне разлічана на 44 класы.

"У будынку школы будуць працаваць вучэбныя кабінеты і лабараторыі, памяшканні для працоўнага навучання, вучэбна-спартыўныя залы з раздзявалкамі, басейн, цір, лыжная база, памяшканні для эстэтычнага выхавання і гуртковай работы. Тут таксама створана безбар`ернае асяроддзе", - адзначылі ў прэс-цэнтры.

Сталовая школы разлічана на 340 пасадачных месцаў, у вітамінным бары іх 22. Напярэдадні новага навучальнага года ва ўсіх рэгіёнах краіны арганізавана работа больш як 500 школьных базараў, кірмашоў. Праводзяцца пашыраныя продажы, выстаўкі-продажы, працуюць дадатковыя гандлёвыя месцы, аформлены куткі для першакласнікаў.

Як паведамлялася, пашпарты гатоўнасці ўстаноў адукацыі, інтэрнатаў да новага навучальнага года неабходна падпісаць да 23 жніўня.

15 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/36/49266
Текущая дата: 27.12.2024