Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пажадаў выпускнікам увасабляць мары ў жыццё і працаваць на канкрэтны, карысны для людзей вынік



Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.

"Нашай беларускай моладзі я хачу пажадаць, каб, мадэлюючы сваю будучыню, вы разумелі: усё, што мы робім, - робім не дзеля прыгожай карцінкі ў сацыяльных сетках. Хоць гэта і модна цяпер - жыць анлайн у інтэрнэце. Але мары трэба ўвасабляць у рэальным жыцці, і вам давядзецца гэта рабіць, працаваць на канкрэтны, карысны для людзей вынік, - сказаў Прэзідэнт. - Тады з вашых асабістых поспехаў складзецца шчаслівая будучыня краіны - усёй нашай Беларусі".



Звяртаючыся да моладзі, Аляксандр Лукашэнка заклікаў іх асабліва беражліва ставіцца да прыродных рэсурсаў.

"Нам трэба ператварыць гэты кавалачак зямлі, імя якому Беларусь, у самае зручнае і камфортнае месца для жыцця не толькі вашага, але і вашых дзяцей, унукаў. Давайце зробім так, каб не было хаця б горш, чым цяпер. Не ў тым плане, што будзем багацейшымі, будуць ва ўсіх аўтамабілі, электрамабілі самага высокага класа і гэтак далей. Не ў гэтым справа. Нам трэба захаваць утульную, камфартабельную для жыцця краіну, - сказаў ён. - Вось гэта галоўнае. Усё астатняе - справа нажыўная. Мы не павінны загубіць тую прыроду, якая нам дасталася ад Госпада, таму што яе аднавіць або купіць будзе немагчыма, гэта не аўтамабіль".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў асаблівае значэнне сённяшняй урачыстай падзеі ў жыцці выпускнікоў.

"Падчас штогадовых сустрэч з лепшымі выпускнікамі ВНУ - сапраўды залатым фондам нашай моладзі - я адчуваю асаблівую радасць і гордасць, таму што вы - наша будучыня. Я вельмі спадзяюся, лепшая наша будучыня, - сказаў Прэзідэнт. - У гэту залу на Рэспубліканскі баль выпускнікоў вас прывяла імправізаваная Дарога поспеху. І няхай на гэтым шляху зроблены толькі першыя крокі, вы нямала папрацавалі за мінулыя студэнцкія гады".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прынята лічыць студэнцкія гады самымі лепшымі, шчаслівымі ў жыцці. Аднак Аляксандр Лукашэнка прытрымліваецца іншага пункту гледжання. "Гэта, можа быць, і радасныя, і шчаслівыя, але гэта самыя цяжкія гады жыцця чалавека, які па-сапраднаму вучыўся ў ВНУ і прыйшоў туды не дзеля дыплома", - растлумачыў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што вышэйшую адукацыю ў Беларусі атрымліваюць і замежныя студэнты - прадстаўнікі больш як ста краін.

"І попыт каласальны. Мы не можам нават прыняць за вялікія грошы ўсіх, хто хоча, таму што няма дзе іх пасяліць, не хапае інтэрнатаў і не хапае вучэбна-лабараторных карпусоў, класаў, будынкаў, аўдыторый", - расказаў ён. На сёлетні святочны баль упершыню запрошаны самыя паспяховыя з замежных студэнтаў. "Няхай гэта стане новай добрай традыцыяй, - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, што за час вучобы гасцінная беларуская зямля стала гэтым хлопцам і дзяўчатам роднай і блізкай. Калі нехта захоча застацца або вярнуцца сюды зноў, ведайце: мы заўсёды будзем рады! Тут жывуць вашы сапраўдныя сябры".

Баль выпускнікоў у гэтым годзе праходзіць напярэдадні свяшчэннай для беларускага народа даты - 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

"Менавіта сёння, звяртаючыся да вас, моладзі, хочацца сказаць: не забывайце тых, хто сваім подзвігам заваяваў для нас права жыць на сваёй зямлі і, самае галоўнае, пад мірным небам. Гэта ім, хто пайшоў ад нас, мы павінны быць удзячныя за сучаснасць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Сімвалічна таксама, што гэты своеасаблівы старт выпускнікоў у дарослае жыццё прыпаў на час галоўнай спартыўнай падзеі лета - II Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

"Гэта добры знак. Бярыце прыклад, але толькі з нашых лепшых спартсменаў (а іх нямала), яркія перамогі якіх, заваяваныя медалі не толькі дораць нам, балельшчыкам, моцныя эмоцыі, але і ўмацоўваюць імідж нашай роднай краіны. Будзьце і вы пакаленнем пакарыцеляў самых складаных вяршынь", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што далейшыя дасягненні сённяшніх выпускнікоў стануць лепшым выказваннем падзякі бацькам і настаўнікам, чые дапамога і падтрымка за гады вучобы былі бясцэнныя.

"І наогул я вам раіў бы так, па-сяброўску: нос не задзірайце. Усё, што ў вас цяпер ёсць, - гэта ад вашых бацькоў і тых, хто вас вучыў, вашых педагогаў. Вось з заўтрашняга дня вы будзеце дабаўляць да гэтага, і гэта будзе ваша, - прадоўжыў ён. - Або будзеце паніжаць, гэта таксама будзе ваша. Але я вам яшчэ ў пачатку параіў: толькі наперад, толькі ўверх, калі вы хочаце быць канкурэнтнымі, як модна цяпер казаць, у гэтым жыцці. У адваротным выпадку - бяда".

"Яшчэ раз падкрэсліваю: не спыняйцеся на дасягнутым. Энергія і талент маладосці валодаюць надзвычайнай сілай, Беларусь - краіна вялікіх магчымасцей. Усё атрымаецца, і мы яшчэ раз з гордасцю пачуем вашы імёны", - рэзюмаваў ён.

Лепшыя выпускнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі ўдастоіліся Падзякі Прэзідэнта, і кіраўнік дзяржавы асабіста ўручыў ім гэтыя ўзнагароды, падкрэсліўшы, што выпускнікі атрымалі першыя ў жыцці дзяржаўныя ўзнагароды і гэта падзея мае вялікае значэнне.

У ліку выкладчыкаў, якім аб`яўлена Падзяка, - прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі з розных рэгіёнаў Беларусі: Уладзімір Гарчакоў (Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт), Ганна Ільюцік (БДУФК), Алеся Корсак (Полацкі дзяржуніверсітэт), Дзмітрый Лаўшук (Магілёўскі дзяржуніверсітэт імя А.А.Куляшова), Дзмітрый Радзько (Гомельскі дзяржаўны медуніверсітэт), Андрэй Шыдлоўскі (БДУ), Віталь Яскевіч (МДЛУ).

Узнагароды таксама ўдастоены курсанты і студэнты: Таццяна Аляксандрава (БДАМ), Андрэй Бялко (ІСВ), Юлія Бахно (БНТУ), Ягор Веташкаў (Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медуніверсітэт), Андрэй Доўнар (БДУІР), Яўген Жураўскі (БДАТУ), Ксенія Капусціна (БДТУ), Ксенія Катрук (Мазырскі дзяржаўны педуніверсітэт імя І.П.Шамякіна), Анжаліка Кузмянок (Інстытут кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі), Паліна Курбатава (Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Янкі Купалы), Надзея Лобікава (Беларуска-Расійскі ўніверсітэт), Юй Лю (БДУКМ), Глеб Нічыпар (Ваенная акадэмія), Андрэй Татарынаў (БДАА), Аляксандра Цяцёркіна (БДУ), Кацярына Юшко (Палескі дзяржуніверсітэт).

Запрошаныя на баль выпускнікі і педагогі прыехалі ў сталіцу напярэдадні, каб падрыхтавацца да ўрачыстай падзеі і прыняць удзел у спецыяльнай пазнавальнай і забаўляльнай праграме.

Напрыклад, яны пабывалі на спаборніцтвах II Еўрапейскіх гульняў. Да таго, як прыехаць непасрэдна на баль, яны сабраліся на плошчы Перамогі, дзе прайшла ўрачыстая акцыя "Маладая Беларусь памятае".

Удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі да манумента Перамогі і выпусцілі ў неба галубоў, што сімвалічна адлюстроўвала імкненне да мірнай і шчаслівай будучыні краіны і народа. Падчас галоўнай урачыстасці ўсе падзеі, элементы святочнай праграмы і нават афармленне залы былі накіраваны на тое, каб падкрэсліць поспех, які ўжо дасягнулі выпускнікі і да якога яны будуць імкнуцца ў далейшым.

Так, на баль яны ішлі па "Дарозе поспеху" - жоўтай дарожцы з тэматычнымі прынтамі, а ў зале дзяліліся асабістай формулай поспеху ў відэароліках, знятых загадзя адмыслова для мерапрыемства.

Удзельнікаў балю чакала насычаная забаўляльная праграма з арыгінальнымі фотазонамі, футурыстычнымі інсталяцыямі, інтэрактыўнымі пляцоўкамі, выступленнямі дыджэяў і вядомых беларускіх артыстаў.

25 чэрвеня 2019, Мінск
Кацярына Крышэнік - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/37/48627
Текущая дата: 15.11.2024