Ва ўстановы культуры і адукацыі Беларусі ў 2019 годзе неабходна паставіць 642 піяніна, а ў 2020-м - 818, адзначыў 21-га сакавіка міністр культуры Юрый Бондар у час урачыстай перадачы Аршанскай дзіцячай школе мастацтваў нумар 1 сямі піяніна "Беларусь".
Усяго дзіцячым школам мастацтваў Аршанскага раёна было перададзена 13 новых інструментаў, а таксама па аднаму атрымалі гарадскі Цэнтр культуры "Перамога" і Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма.
"Наяўнасць уласнай вытворчасці музычных інструментаў мае важнае сацыяльнае значэнне для краіны, для развіцця нацыянальнай культуры і мастацтва. Ёсць і эканамічная мэтазгоднасць: піяніна ўласнай вытворчасці намнога таннейшае за замежны аналаг, у прыватнасці, яго цана ў два разы ніжэйшая за цану піяніна расійскай зборкі", - падкрэсліў міністр.
Прадпрыемства па вытворчасці піяніна ТАА "Фабрыка фартэпіяна" было створана па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў мінулым годзе. У ліпені 2018 года прадпрыемства выпусціла першыя экзэмпляры інструмента пад назвай "Беларусь". У 2019-м пачата іх пастаўка ва ўстановы культуры і адукацыі краіны. Піяніна маюць акустычныя характарыстыкі, якія нічым не ўступаюць замежным брэндам, а іх якасць дазволіць эксплуатаваць інструменты на працягу многіх гадоў.
"Упэўнены, што выкарыстанне атрыманых сёння піяніна "Беларусь" у навучальным працэсе і творчай дзейнасці дасць магчымасць істотна павысіць якасць навучання, а таленавітым дзецям прадаставіць шанц паспяхова выступаць на розных конкурсах і фестывалях, у тым ліку міжнароднага ўзроўню, - сказаў Юрый Бондар. - Таленавітыя людзі павінны быць вядомы і запатрабаваны перш за ўсё на сваёй зямлі, а для гэтага трэба ўзнімаць статус гарадоў і вёсак, рабіць гэтыя населеныя пункты цэнтрамі культурных падзей. Хто, калі не моладзь, маючая вялізны творчы і стваральны патэнцыял, можа справіцца з гэтай задачай".
Аршанская дзіцячая школа мастацтваў нумар 1 з`яўляецца адной з найстарэйшых у Беларусі. Яна заснавана ў 1937 годзе. У навучальнай установе займаюцца больш за 1 тыс. навучэнцаў па двух напрамках: музычнае (інструментальнае, харавое і эстраднае аддзяленні) і выяўленчае. Працуюць у школе 92 педагогі.
21 сакавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
21 сакавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/39/47353
Текущая дата: 26.12.2024