Белорусский портал в Казахстане

Белстат: Беларусь лідзіруе па колькасці студэнтаў сярод краін СНД



Сярод беларускай моладзі кожны сёмы з`яўляецца студэнтам. Пра гэта гаворыцца ў аглядзе Белстата да Міжнароднага дня студэнтаў, які адзначаецца 17 лістапада.

У 2017/2018 навучальным годзе сярод краін СНД па колькасці студэнтаў у разліку на 10.000 чалавек насельніцтва Беларусь мела самы высокі паказчык — 315 чалавек. Для параўнання: ва Украіне — 314, Арменіі — 305, Расіі — 289, Казахстане — 273, Кыргызстане — 270, Таджыкістане — 219, Малдове — 185, Азербайджане — 171.

У 2017/2018 навучальным годзе ў рэспубліцы працавала 51 установа вышэйшай адукацыі, у якіх навучалася 284 тыс. студэнтаў.

Найбуйнейшымі ВНУ рэспублікі з`яўляюцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (23,9 тыс. студэнтаў), Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт (23,2 тыс. студэнтаў), Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (15,9 тыс. студэнтаў), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (12,4 тыс. студэнтаў), Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (11,9 тыс. студэнтаў).

Дзевяць з дзесяці студэнтаў краіны навучаліся ў дзяржаўных ВНУ. У студэнцкім асяроддзі на 100 хлопцаў прыпадае 119 дзяўчат.

Атрымлівалі стыпендыю на дзённай форме навучання 84 тыс. студэнтаў (з іх 99,7% — гэта студэнты ў дзяржаўных ВНУ). Пражывалі ў студэнцкіх інтэрнатах 80 тыс. студэнтаў (83% ад тых, хто меў у іх патрэбу).

Спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй рыхтуюць па 15 профілях, якія ўключаюць больш за 400 спецыяльнасцяў і напрамкаў спецыяльнасцяў. Сярод самых папулярных: камунікацыі, права, эканоміка, кіраванне, арганізацыя вытворчасці — 31,8%, тэхніка і тэхналогіі, архітэктура і будаўніцтва — 25,7%, педагогіка, прафадукацыя — 9,2%, мастацтва і дызайн, гуманітарныя і натуральныя навукі — 10%, сельская і лясная гаспадарка, садова-паркавае будаўніцтва — 8,7%, ахова здароўя, сацыяльная абарона, фізкультура, турызм і гасціннасць — 10,7%, іншыя — 3,7%.

У ВНУ рэспублікі ў 2017/2018 навучальным годзе навучалася 15 тыс. грамадзян замежных дзяржаў (5% ад агульнай колькасці студэнтаў). З агульнай колькасці замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў вышэйшых навучальных установах Беларусі, студэнты з краін СНД складалі 69%.

Як адзначыў Белстат, з кожным годам расце колькасць студэнтаў, якія вырашылі працягнуць навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі — у магістратуры, дзе фармуюцца навыкі навукова-даследчай і навукова-педагагічнай работы з мэтай падрыхтоўкі маладога спецыяліста да навуковай дзейнасці. За апошнія 10 гадоў колькасць магістрантаў павялічылася ў 3,7 разу і склала ў 2017/18 навучальным годзе 15 тыс. чалавек.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 17 лістапада 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/40/45640
Текущая дата: 15.11.2024