Белорусский портал в Казахстане

Канцэртам з удзелам знакамітых выпускнікоў адзначыць 100-годдзе Віцебскі каледж імя Салярцінскага



Вялікім канцэртам адзначыць 7 снежня сваё 100-годдзе Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя Салярцінскага.

Юбілейная ўрачыстасць пройдзе ў канцэртнай зале каледжа і збярэ цяперашніх выкладчыкаў, ветэранаў педагагічнай працы і многіх паклоннікаў класічнай музыкі, паведаміў дырэктар навучальнай установы Анатоль Грэцкі.

"На сцэне выступяць лаўрэаты міжнародных конкурсаў піяніст Андрэй Манулік, габаіст Сяргей Тумаркін, старшы выкладчык Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, першая домра Расіі Кацярына Мачалава. Сваё майстэрства прадэманструюць экс-салісты ансамбляў "Песняры" Вячаслаў Ісачанка і "Чысты голас" Аляксандр Касціцын", - расказаў Анатоль Грэцкі.

У час урачыстасці прадстаўнікі Міністэрства культуры і Віцебскага аблвыканкама будуць ушаноўваць прадстаўнікоў каледжа і ветэранаў працы. Два чалавекі атрымаюць нагрудны знак Міністэрства культуры "За ўклад у развіццё культуры Беларусі".

У кастрычніку 1918 года ў Віцебску адкрылі народную кансерваторыю, яе першым дырэктарам стаў запрошаны з Санкт-Пецярбурга дырыжор Мікалай Малько.

Праз некалькі гадоў кансерваторыя стала тэхнікумам з трыма аддзяленнямі (выканальніцкім, навукова-тэарэтычным і інструментальна-педагагічным), а потым і вучылішчам. У 1991-м навучальнай установе прысвоена імя ўраджэнца Віцебска, музыказнаўца і педагога Івана Салярцінскага.

У 2010 годзе вучылішча перайменавалі ў каледж. Установа адукацыі рыхтуе настаўнікаў, артыстаў аркестра, ансамбля і хору, кіраўнікоў творчых калектываў. Набіраюць абітурыентаў па трох спецыяльнасцях: "дырыжыраванне", "інструментальнае выканальніцтва" і "музыказнаўства".

5 снежня 2018, Віцебск
Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/41/45884
Текущая дата: 26.12.2024