У Беларусі пачалася рэалізацыя праекта "Уцягванне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні ("Зялёныя школы")", паведамляе прэс-служба прадстаўніцтва ААН у Беларусі.
Чатырохгадовы праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі з бюджэтам 3,5 млн еўра фінансуецца Еўрасаюзам і будзе рэалізаваны Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
Праект ахопіць усе шэсць абласцей краіны і Мінск. Ва ўсіх рэгіёнах плануецца стварыць "клубы экалагічнага маніторынгу", а таксама прыцягнуць экалагічныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, валанцёраў, грамадскіх эколагаў для добраахвотнага маніторынгу парушэнняў заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.
Арганізацыі грамадзянскай супольнасці будуць уцягвацца ў навучальна-асветную дзейнасць у сетцы "зялёных школ" Беларусі. Плануецца ўдасканаліць існыя і распрацаваць новыя школьныя факультатывы, якія ўключаць раздзелы па маніторынгу якасці паветра, а таксама павысіць кваліфікацыю настаўнікаў у галіне біяразнастайнасці, рацыянальнага выкарыстання энергіі і вады, адходаў, маніторынгу якасці паветра.
Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў стане пілотным аб`ектам для тэставання праграм навучання "Зялёныя школы" ва ўстановах падобнага тыпу.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 18 ліпеня 2018
Мінск, 18 ліпеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/43/44227
Текущая дата: 26.12.2024