Белорусский портал в Казахстане

У Мінску апошні званок празвініць для 10 тыс. адзінаццацікласнікаў



У Мінску апошні званок празвініць 30 мая для больш як 10 тыс. адзінаццацікласнікаў, паведаміў 21 мая на аператыўнай нарадзе ў мэрыі першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Прыгодзіч.

Выпускнікі атрымаюць білеты ў шматфункцыянальны культурна-спартыўны комплекс "Мінск-Арэна" на рэспубліканскае свята, прысвечанае заканчэнню навучальнага года.

З 16.30 каля спарткомплексу пачнуць работу інтэрактыўныя пляцоўкі, фотазоны, выступяць творчыя калектывы.

"Цяпер дапрацоўваюцца пытанні зместу мерапрыемстваў. Будзе забяспечана грамадская бяспека, скарэкціраваны маршруты і графік руху транспарту", - адзначыў Віталь Прыгодзіч.

Таксама 30 мая ўрачыстыя мерапрыемствы з 10.00 да 11.00 пройдуць ва ўсіх школах. Для дзевяцікласнікаў да 21.00 арганізуюць розныя забаўляльныя мерапрыемствы, экскурсійныя праграмы.

Выпускныя вечары пройдуць 9 чэрвеня з 21.00 на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у выключных выпадках - ва ўстановах культуры.

"Такіх школ, дзе няма магчымасці правесці выпускныя, у горадзе штогод налічваецца каля 20. Час заканчэння мерапрыемстваў вызначаюць навучальныя ўстановы самастойна па ўзгадненні з раённымі адміністрацыямі. Арыенціровачна гэта 4-6 гадзін раніцы. У сустрэчах традыцыйна прымаюць удзел прадстаўнікі органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскіх аб`яднанняў, шэфства арганізацый, выдатныя дзеячы мастацтва, культуры і спорту", - адзначыў Віталь Прыгодзіч.

Апошнія навучальныя заняткі пройдуць 31 мая. Навучанне на ўзроўні базавай школы ў горадзе завяршаюць больш за 15 тыс. вучняў, сярэдняй школы - крыху больш за 10 тыс. дзяцей (на 777 чалавек больш, чым у мінулым годзе).

Выпускныя экзамены пройдуць з 1 па 9 чэрвеня. Вучні 9-х класаў здаюць тры, 11-х (12-х) - чатыры экзамены. З 12 чэрвеня па 2 ліпеня пройдзе цэнтралізаванае тэсціраванне, рэзервовымі днямі вызначаны 6, 8, 10 ліпеня. З мэтай выключэння магчымасці ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі абітурыентаў з нізкім узроўнем падрыхтоўкі ўстаноўлены парогавыя значэнні тэставага бала.

21 мая 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/44/43472
Текущая дата: 15.11.2024