1 верасня ў Брэсце ў сярэдняй школе № 1 адкрыўся першы ў вобласці мытны клас. Ён створаны па ініцыятыве Брэсцкай мытні і ў адпаведнасці з рашэннем Брэсцкага гарвыканкама.
Як паведамляе мытня, гэты спецыялізаваны клас у паралелі васьмікласнікаў мае адметную літару "Т". У сувязі з вялікай колькасцю ахвотных вучыцца ў такім класе туды былі адабраныя вучні з сярэднім балам больш за 7 і не ніжэй за 7 балаў па прафiлюючых вучэбных прадметах: матэматыцы і замежнай мове.
Навучацца ў мытным класе будуць 26 вучняў: 13 хлопчыкаў і 13 дзяўчынак. У іх запланавана паглыбленае вывучэнне англійскай мовы, матэматыкі, а таксама дадатковыя заняткі па польскай або іспанскай мовах. У рамках фізічнай падрыхтоўкі вучні мытнага класа будуць дадаткова асвойваць каратэ з элементамі самба.
Навучанне ў мытным класе прадугледжвае ўзаемадзеянне з Брэсцкай мытняй. У прыватнасці, у ходзе вывучэння спецкурса "Уводзіны ў прафесію мытніка" запланаваныя экскурсіі вучняў у пункты пропуску на беларуска-польскай і беларуска-ўкраінскай мяжы, наведванне прысяг, паказальных выступленняў кіналагічнай службы мытні.
Мытны клас створаны для ўмацавання сувязяў вучнёўскай моладзі з мытнымі органамі, прафесійнай арыентацыі выпускнікоў школы для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасць "мытная справа".
Ларыса Шыганава, БелаПАН
Брэст, 1 верасня 2017
Брэст, 1 верасня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/47/40599
Текущая дата: 15.11.2024