Белорусский портал в Казахстане

Больш за 92 тыс. абітурыентаў зарэгістраваліся на ЦТ



Пра гэта паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Мікалай Фяськоў.

"У бягучым годзе зарэгістравана 92 274 чалавекі. Гэта на 8,5 тыс. менш, чым у мінулым годзе. Аднак з улікам таго, што дазволена здаваць чатыры прадметы, чалавека-тэстаў, якія з`яўляюцца адным з асноўных паказчыкаў, - 311 830. Гэта больш на 40,5 тыс., чым у мінулым годзе", - адзначыў Мікалай Фяськоў.

Пры гэтым толькі 40 працэнтаў абітурыентаў скарысталіся магчымасцю зарэгістравацца на ЦТ па чатырох прадметах. На рускую мову зарэгістравалася 75,4 тыс. абітурыентаў, што крыху менш, чым у мінулым годзе (тады было крыху больш за 78 тыс.).

У той жа час жадаючых здаваць беларускую мову ў гэтым годзе аказалася больш - амаль 28,5 тыс. (у мінулым годзе - амаль 22,3 тыс.). На матэматыку зарэгістравалася 51,5 тыс. (у 2016-м - амаль 48 тыс.), фізіку - больш за 30 тыс. (амаль 28 тыс.), на біялогію і англійскую мову прыкладна аднолькавая колькасць абітурыентаў - больш за 29 тыс. чалавек (гэта лічба таксама перавышае мінулагодні паказчык.

Рэгістрацыя для ўдзелу ў асноўным этапе ЦТ завяршылася ў Беларусі 1 чэрвеня ў 19.00. Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна будзе з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.

Цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове пройдзе 12 чэрвеня, рускай мове - 14 чэрвеня, грамадазнаўстве - 16 чэрвеня, матэматыцы - 18 чэрвеня, біялогіі - 20 чэрвеня, замежнай мове (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) - 22 чэрвеня, хіміі - 24 чэрвеня, фізіцы - 26 чэрвеня, гісторыі Беларусі - 28 чэрвеня, геаграфіі - 30 чэрвеня, сусветнай гісторыі (навейшы час) - 2 ліпеня. Час пачатку ЦТ, у тым ліку ў рэзервовыя дні, - 11.00.

2 чэрвеня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/49/39578
Текущая дата: 27.12.2024