Гэта вынікае з пагаднення, тэкст якога апублікаваны 23 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.
Згодна з міжурадавым пагадненнем аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі Беларусь і Польшча будуць арганізоўваць абмен студэнтамі, якія належаць у абедзвюх краінах да нацыянальных меншасцяў.
У прыватнасці, бакі штогод на парытэтных умовах будуць прымаць на навучанне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па праграмах вышэйшай адукацыі першай і другой ступеняў да 20 чалавек ад кожнага з бакоў, якія належаць да нацыянальных меншасцяў. Адбіраць асоб для абмену будзе прыёмная камісія, у склад якой павінны ўваходзіць тры чалавекі з боку, які накіроўвае студэнтаў, і два з боку, які прымае. Камісія будзе фарміравацца штогод у красавіку. Адначасова падкрэсліваецца, што прыём асоб з ліку нацыянальных меншасцяў у вышэйшыя навучальныя ўстановы ў частцы, не ўрэгуляванай гэтым пагадненнем, будзе ажыццяўляцца ў парадку, які ўстаноўлены нацыянальным заканадаўствам боку, які прымае на навучанне.
Як вынікае з дадатку да пагаднення, прымацца студэнты будуць без экзаменаў, паколькі "абавязковай умовай прыёму кандыдата на вучобу з’яўляецца валоданне нацыянальнай мовай боку, які прымае, на ўзроўні, які дазваляе ажыццяўляць навучанне ў краіне боку, які прымае".
Таксама прадугледжаныя ўзаемныя абмены студэнтамі і аспірантамі, якія не належаць да польскай і беларускай нацыянальных меншасцяў. Але штогадовая колькасць навучэнцаў тут будзе ніжэйшай — не больш за дзесяць чалавек. Кожны бок можа накіроўваць студэнтаў першай ступені навучання, якія скончылі не меней за два курсы, аспірантаў і дактарантаў. Яны будуць накіроўвацца на навучанне тэрмінам 10 месяцаў.
Таксама прадугледжаныя абмены педагагічнымі работнікамі — па 12 чалавек ад кожнага боку тэрмінам на месяц. Гаворка вядзецца пра стажыроўкі педагогаў толькі ў дзяржаўных навучальных установах як Беларусі, так і Польшчы.
Бок, які прымае студэнтаў, аспірантаў і дактарантаў, вызваляе ўдзельнікаў абмену ад платы за карыстанне вучэбнымі выданнямі і забяспечвае ім бясплатнае навучанне, пражыванне ў інтэрнаце вышэйшай навучальнай установы з платай за пражыванне ў памеры, як і для сваіх грамадзян, медыцынскае абслугоўванне ў рамках нацыянальнага заканадаўства, а таксама выплату стыпендыі.
"Бакі ў адпаведнасці са сваімі нацыянальнымі заканадаўствамі ствараюць асобам, якія належаць да беларускай меншасці ў Рэспубліцы Польшча і польскай меншасці ў Рэспубліцы Беларусь, умовы для вывучэння роднай мовы нацыянальнай меншасці і навучання на роднай мове нацыянальнай меншасці ва ўстановах сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь і ўстановах сістэмы асветы Рэспублікі Польшча, а таксама будуць спрыяць стварэнню ўмоў для вывучэння культуры і традыцый, гісторыі і геаграфіі краіны, да якой этнічна належыць нацыянальная меншасць", — падкрэсліваецца ў тэксце дакумента. З гэтай нагоды ствараецца сумесная кансультацыйная камісія па пытаннях адукацыі нацыянальных меншасцяў.
Таксама бакі дамовіліся спрыяць удасканаленню зместу падручнікаў па гісторыі для агульнаадукацыйных устаноў для "дасягнення лепшага ўзаемаразумення паміж грамадствамі абедзвюх краін". З гэтай мэтай ствараецца адмысловая сумесная польска-беларуская камісія.
Асобныя артыкулы пагаднення рэгулююць пытанні замежных стажыровак настаўнікаў беларускай і польскай моваў. "Бакі будуць спрыяць павышэнню якасці вывучэння беларускай мовы і літаратуры ва ўстановах сістэмы асветы Рэспублікі Польшча, а таксама развіццю беларусістыкі ў вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Польшча, павышэнню якасці вывучэння польскай мовы і польскай літаратуры ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама развіццю паланістыкі ва ўстановах вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў дакуменце.
Пагадненне падпісанае ў Варшаве 20 ліпеня 2016 года падчас візіту намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной. Ратыфікацыя дакумента Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі адбылася 5 снежня ў прысутнасці ў прэзідыуме верхняй палаты маршалка сената Польшчы Станіслава Карчэўскага.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 23 снежня 2016
Мінск, 23 снежня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/51/38160
Текущая дата: 15.11.2024