Белорусский портал в Казахстане

Якая ВНУ самая актыўная ў сацсетках?



Рэспубліканскі конкурс на самую лепшую групу ў сацыяльных сетках сярод устаноў вышэйшай адукацыі абвясціла Міністэрства адукацыі.

У конкурсе змогуць прыняць удзел афіцыйныя старонкі (групы) устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваныя ў сацыяльных сетках.

Яны будуць ацэньвацца па наступных крытэрыях: афармленне (дызайн), рэгулярнасць абнаўлення старонкі, колькасць удзельнікаў, уцягнутасць аўдыторыі (колькасць лайкаў, каментарыяў, перапостаў), унікальнасць і цікавасць зместу, суадносіны знешняга і ўласнага кантэнту, этычнасць ва ўзаемадзеянні з удзельнікамі, нестандартныя і інавацыйныя падыходы да прыцягнення і ўтрымання цікавасці аўдыторыі і іншых.

Пераможцы конкурсу будуць выбраны на падставе вынікаў галасавання за канкурсантаў, арганізаванага на старонцы ўпраўлення па справах моладзі ў Facebook і групе «ВКонтакте», а таксама на падставе меркаванняў членаў журы конкурсу, у якое ўвойдуць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі, грамадскіх аб`яднанняў і сродкаў масавай інфармацыі.

Мэта конкурсу — развіццё адзінай маладзёжнай інфармацыйнай прасторы і папулярызацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў інтэрнэце.

Аўтар: Надзея Нікалаева
nіkalaeva@zvіazda.by
Звязда, 15 верасня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/52/36977
Текущая дата: 15.11.2024