Белорусский портал в Казахстане

Вакантнымі пасля дадатковага набору ў ВНУ Беларусі засталіся 18 месц



Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

"Па выніках дадатковага набору прынята 126 чалавек, 94 - на дзённую форму. Вакантнымі засталіся 18 месц, або 0,08 працэнта ад кантрольных лічбаў прыёму", - сказаў Вадзім Богуш.

У 2015 годзе па выніках дадатковага набору вакантнымі засталіся 144 месцы, або 0,6 працэнта ад кантрольных лічбаў прыёму на дзённую форму навучання. На завочную форму навучання па дадатковым наборы прыняты 32 чалавекі, вакантных месц не засталося.

Парогавыя значэнні прахадных балаў пры правядзенні дадатковага набору, як і ў 2015 годзе, не зніжаліся. У прыватнасці, па выніках прыёму дакументаў у час дадатковага набору ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова конкурс на спецыяльнасць "матэматыка і інфарматыка" склаў 2,2 чалавека на месца.

Прахадны бал у ходзе асноўнага набору быў 131, дадатковага - 166. Конкурс на спецыяльнасць "фізіка і інфарматыка" склаў 1,4 чалавека на месца. Прахадны бал - 175 і 205 адпаведна. У Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П. Шамякіна конкурс на спецыяльнасць "матэматыка і інфарматыка" склаў 2,8 чалавека на месца (прахадны бал у час асноўнага набору - 110, дадатковага - 168).

10 жніўня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/54/36534
Текущая дата: 28.12.2024