Белорусский портал в Казахстане

Адным са шляхоў зніжэння дакументаабароту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі можа стаць укараненне інструментаў "Электроннай школы"



Такое меркаванне выказаў 17 лютага на пасяджэнні падагульняючай калегіі Міністэрства адукацыі Беларусі кіраўнік ведамства Міхаіл Жураўкоў.

Паводле слоў міністра, на сённяшні дзень школы і гімназіі фактычна знаходзяцца ў самым пачатку шляху па стварэнні "Электроннай школы".

Толькі ў 198 установах (каля 7 працэнтаў) выкарыстоўваецца электронны дзённік або электронны журнал і толькі ў 81 установе (менш як 3 працэнты) укаранёна карта навучэнца, якая выкарыстоўваецца ў большасці выпадкаў толькі для прапускнога рэжыму.

"Мы прынялі шэраг мер, накіраваных на скарачэнне дакументаабароту ў школах і гімназіях. І ў першую чаргу ўстанавілі вычарпальны пералік дакументаў, якія неабходна весці асобным настаўнікам і класным кіраўнікам", - сказаў ён.

На працягу двух гадоў у інструктыўна-метадычных пісьмах да пачатку навучальнага года дакладна прапісваюцца абавязковыя для вядзення настаўнікамі-прадметнікамі дакументы. "Мы не раз звярталі ўвагу кіраўнікоў на недапушчальнасць прыцягнення настаўнікаў да збору і апрацоўкі статыстычнай інфармацыі, падрыхтоўкі справаздач. Гэта работа павінна выконвацца непасрэдна членамі адміністрацыі. Аднак пытанне канчаткова так і не вырашана. Усім прадстаўнікам кіруючых органаў даведзена інфармацыя аб неабходнасці вызвалення настаўнікаў ад выканання неўласцівых функцый", - падкрэсліў міністр.

"Інфармацыйна-тэхналагічнае ўзаемадзеянне можна забяспечыць шляхам дыстанцыйнага суправаджэння дзейнасці. Нельга дапускаць выпадкі ўвядзення ў практыку работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі дакументацыі, не прадугледжанай нарматыўнымі прававымі актамі ў гэтай сферы", - лічыць Міхаіл Жураўкоў.

Ва ўстановах адукацыі, акрамя абсталяваных 4 тыс. 218 камп`ютарных класаў, дадаткова аснашчаны камп`ютарамі 10 тыс. 54 вучэбныя кабінеты. Цяпер выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі больш як 76 тыс. педагогаў (76 працэнтаў). У гэтым навучальным годзе функцыянуюць 3 тыс. 38 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучаюцца 958,8 тыс. чалавек, у тым ліку ў першых класах - 112,3 тыс. чалавек.

17 лютага 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/55/34370
Текущая дата: 15.11.2024