Кожны мае права атрымліваць адукацыю на мове, якая яму больш блізкая – па-руску ці па-беларуску. Для гэтага ў краіне ёсць усе неабходнае.
Так адрэагавала начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная на пытанне журналіста Еўрарадыё пра складанасці з навучаннем па-беларуску.
“Зразумела, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, і кожны выбірае сваю. І мае права вучыцца… І адкрываюцца ў нас, на самой справе, і беларускія класы, і ёсць у нас у дзіцячых садках беларускамоўныя групы — абы было жаданне ў нашых бацькоў гэта рабіць. Таму што кадры ў нас падрыхтаваныя, кадры могуць гэта рабіць на высокім узроўні”, — кажа чыноўніца.
Але калі бацькі хочуць, каб іх дзіця з першага класа навучалася па-беларуску, то выбару мовы навучання ў бліжэйшай школе ім не прапануюць.
Наталля Пшанічная: “На месцы вы будзеце пісаць заяву: Я прашу прыняць мяне ў першы клас такой школы на такой мове. І будуць разглядаць. Безумоўна, калі будзе адна заява, то адкрываць клас пад аднаго чалавека не будуць. Але вам прапануюць: можа, у суседняй школе ўжо фарміруецца такі клас. У нас ёсць беларускамоўныя гімназіі ў Мінску — іх дастаткова, каб атрымліваць там адукацыю”.
Але ёсць сітуацыі, калі атрымаць неабходную адукацыю на роднай мове ў суседняй школе ці гімназіі складана. Менавіта з такой праблемай 6 студзеня на прыём да міністра адукацыі хадзіў мастак Генік Лойка. У сталічнай мастацкай гімназіі-каледжы Лойку сказалі, што ў іх “руская — родная мова навучання”. Мастак хадзіў да міністра дамагацца, каб яго дачку вучылі па-беларуску адну, калі больш жадаючых не будзе.
“Спадару Лойку было прапанавана: калі ёсць канкрэтныя прапановы па змене заканадаўства — гэтыя канкрэтныя прапановы ўнесці”, — кажа намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык.
На сёння ў Мінску 5 гімназій і 2 школы з навучаннем на беларускай мове і 1 рускамоўная школа (№68), у склад якой уваходзіць беларускамоўная школка. Ёсць па адной беларускамоўнай школе ў Гродне і Магілёве, у Барысаве — адна беларускамоўная гімназія.
Што да беларускамоўных дзіцячых садкоў, то ў сталіцы іх 11. У рэгіёнах ніводнага такога садка няма.
Што да беларускамоўных дзіцячых садкоў, то ў сталіцы іх 11. У рэгіёнах ніводнага такога садка няма.
Зміцер Лукашук
Будзьма беларусами!, 12 студзеня 2016
Будзьма беларусами!, 12 студзеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/56/33832
Текущая дата: 15.11.2024