Белорусский портал в Казахстане

Бюст Махатмы Гандзі адкрылі ва ўнутраным дворыку БДУ



Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прыняў Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы.

Гэтым помнікам у БДУ адкрываецца галерэя, прысвечаная вядомым дзеячам, якія ўнеслі ўклад у развіццё сусветнай палітыкі і навукі.

"Гэта вельмі важны момант у жыцці ўніверсітэта і сістэмы адукацыі нашай рэспублікі. Сёння мы адкрываем бюст вялікаму асветніку Індыі, які пачаў вызваленчы рух краіны супраць захопнікаў і вярнуў незалежнасць сваёй дзяржаве", - адзначыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, які таксама прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця бюста. Ён дадаў, што БДУ навучае сваіх студэнтаў сусветным стандартам, вядзенню ўзаемаадносін з іншымі краінамі.

Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам. Раней на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам ён заявіў, што Індыя выступае за пашырэнне і паглыбленне ўзаемадзеяння з Беларуссю. Ён таксама запэўніў, што Індыя заўсёды будзе падтрымліваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Індыяй устаноўлены ў 1992 годзе. У абедзвюх краінах адкрыты пасольствы. Аляксандр Лукашэнка наведваў Індыю з дзяржаўнымі візітамі ў 1997 і 2007 гадах. Візіт Прэзідэнта Індыі ў Беларусь зроблены ўпершыню.

3 чэрвеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/57/31243
Текущая дата: 15.11.2024