Аб гэтым 24 снежня 2014 заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей акцыі "Нашы дзеці".
На думку кіраўніка дзяржавы, у школу ў шосты школьны дзень трэба прыходзіць на спартыўныя спаборніцтвы, на ўрокі працоўнага навучання, каб стварыць нейкія вырабы, каб дзецям было цікава. "Вучыцца трэба напружана пяць дзён: матэматыка, руская мова, беларуская мова. А ў суботу трэба займацца любімай справай - спортам і працоўным навучаннем", - лічыць кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, гучаць прапановы пазбавіць школы ад неабходнасці збіраць макулатуру і металалом. "Я ўспамінаю сваё дзяцінства і школьныя гады і думаю: а як аб`яднаць дзяцей на добрую справу. Бо гэта ж быў збор макулатуры, збор металалому - і мы за гэта ніколі не атрымлівалі грошай, мы заўсёды спаборнічалі для таго, каб зрабіць нашу Радзіму багацейшай", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. Таму прапановы адмовіцца ад добрых традыцый, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, яму незразумелыя. "Трэба больш канкрэтных добрых спраў, якія будуць прыносіць карысць дзяржаве, прадпрыемствам, калектывам, вашым бацькам, а значыць і вам", - адзначыў ён, звяртаючыся да ўдзельнікаў свята.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў падрастаючае пакаленне заўсёды і ўсюды быць вернымі і надзейнымі сябрамі, таму што сяброўства ў Беларусі заўсёды было ў пашане. Прэзідэнт таксама пажадаў, каб дзеці і маладыя людзі больш цанілі жывыя стасункі, таму што электронныя ўстройствы і інтэрнэт ніколі не заменяць сапраўдных сяброў, іх падтрымкі і ўдзелу.
"Каб наша Радзіма станавілася багацейшай і прыгажэйшай - любіце яе. Звязвайце з ёй сваю будучыню. Бо дом, які любяць, абавязкова становіцца больш утульным, прыгожым і гасцінным. Беларусь - гэта наш з вамі агульны дом, і мы павінны разам клапаціцца аб ім, як аб самым родным, дарагім месцы на свеце", - падкрэсліў беларускі лідар.
Наперадзе ў школьнікаў канікулы. Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх дарослых: бацькоў, педагогаў, выхавальнікаў - прысвяціць гэтыя дні дзецям. "Навучыце дзяцей чаму-небудзь новаму, дайце ім адчуць вашу падтрымку і ўдзел", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
24 снежня 2014, Мінск
БЕЛТА
24 снежня 2014, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/59/28745
Текущая дата: 27.12.2024