Белорусский портал в Казахстане

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прызначыла стыпендыі 37 навучэнцам і студэнтам



Аб гэтым паведамляе прэс-служба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

На ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання актыўную ў вучобе, навуцы, спорце, творчасці і грамадскім жыцці прафсаюзную моладзь сёлета запрасілі ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Да пачатку мерапрыемства хлопцы і дзяўчаты ўсклалі кветкі да абеліска, прысвечанага вялікаму подзвігу, — стэле «Мінск — горад-герой».

Нацыянальны прафцэнтр прысуджае стыпендыі перспектыўнай моладзі, пачынаючы з 2016 года. За 7 гадоў лаўрэатамі стыпендыі ФПБ сталі ўжо 268 маладых людзей. Установа прафсаюзнай стыпендыі — адна з першых ініцыятыў маладзёжнага савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

«Асноўная і абавязковая ўмова для атрымання прафсаюзнага гранта — навучэнцы павінны быць прафсаюзнымі актывістамі, якія добра зарэкамендавалі сябе ў грамадскім і прафсаюзным жыцці сваёй альма-матэр, а таксама ўдзельнічалі ў навукова-даследчай дзейнасці, былі актыўнымі ў вучобе, у творчым і спартыўным жыцці, — распавялі ў прэс-службе Федэрацыі. — Усе Лаўрэаты праявілі сябе ў сваіх калектывах, у будучыні, упэўненыя, працягнуць гэтую працу на сваіх першых працоўных месцах. І задача прафсаюзаў — падтрымаць іх у гэтым імкненні. Калі чалавек прайшоў прафсаюзную школу, ён гатовы пагрузіцца ў праблемы сваіх супрацоўнікаў, працаваць з сацыяльнымі партнёрамі».

Праект рэалізоўваецца на рэспубліканскім узроўні, штогод стыпендыю атрымліваюць навучэнцы і студэнты з усіх куткоў краіны. Стыпендыя ФПБ прызначаецца навучэнцам 2-6-х курсаў, магістрантам, аспірантам дзённай формы атрымання адукацыі, якія маюць сярэдні бал паспяховасці не ніжэй за 8.

Звязда, 20 лістапада 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/7/71511
Текущая дата: 15.11.2024