Белорусский портал в Казахстане

Студэнты ФПМІ БДУ перамаглі ў Адкрытай каманднай алімпіядзе па праграмаванні



У склад каманды-пераможцы ўвайшлі студэнты трэцяга курсу Ягор Дубовік, Фёдар Карабейнікаў і другакурснік Аляксандр Кернажыцкі. Хлопцы вырашылі 11 з 12 прапанаваных задач.

Другое месца заваявала каманда БДУІР, а на трэцяй пазіцыі - яшчэ адна зборная БДУ.

Спаборніцтва праводзілася ў анлайн-фармаце з удзелам 48 студэнцкіх каманд з Беларусі, Расіі, Літвы і Латвіі. Ад БДУ выступала 16 каманд, ад БДУІР - 14, БНТУ - 5, Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта (Расія) – 4 і г.д. На выкананне задач было адведзена 5 гадзін.

Даведка:

Адкрытая камандная алімпіяда па праграмаванні факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі праходзіць з 2008 года з мэтай выяўлення найбольш таленавітых студэнтаў у галіне праграмавання і адбору каманд на Чэмпіянат свету па праграмаванні. З 2015 года акрамя беларускіх ВНУ ў алімпіядзе ўдзельнічаюць таксама ўніверсітэты Балтыйскага рэгіёна: Літвы, Латвіі і Калінінградскай вобласці (Расія).

У гэтым годзе алімпіяда ўпершыню прайшла ў аддаленым рэжыме. Да гэтага часу спаборніцтвы ўключалі таксама конкурс для школьнікаў. З гэтага года прынята рашэнне правесці алімпіяду сярод юных праграмістаў асобна і ў асабістым заліку.

Надзея Нікалаева
Звязда, 29 красавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/1/53173
Текущая дата: 27.04.2024