Атрымаць пуцёўкі ў дзіцячыя лагеры ў Беларусі стане прасцей.
Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі "Аздараўленне дзяцей у Рэспубліцы Беларусь: прававыя навацыі 2025 года" намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва" Аляксей Жалянкоў.
Аляксей Жалянкоў адзначыў, што ў мінулым годзе праведзена вялікая работа па ўдасканаленні заканадаўства. У прыватнасці, прынята пастанова Савета Міністраў нумар 509, дзе ўдакладнены пытанні аздараўлення дзяцей. А з 1 лютага 2025 года ўступіла ў сілу палажэнне аб парадку пацвярджэння гатоўнасці выхаваўча-аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да работы ў перыяд канікулаў.
"Раней некаторыя дзеці маглі абмяжоўвацца ў праве на атрыманне танных пуцёвак у лагер з-за таго, што па месцы работы бацькоў не ствараліся камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Пастановай нумар 509 мы адвязалі выдачу пуцёвак ад камісій, - расказаў Аляксей Жалянкоў. - На сённяшні дзень можна перадаць пуцёўку ў філіялы і атрымаць яе там. Бацькі могуць самастойна знайсці лагер і звярнуцца за набыццём пуцёўкі. З дакументаў патрэбна даведка аб тым, што ў дзіцяці няма медыцынскіх проціпаказанняў для аздараўлення", - расказаў Аляксей Жалянкоў.
Ён дадаў, што ў перспектыве плануецца пакінуць неабходнасць атрымання даведкі толькі для дзяцей, у якіх могуць быць такія проціпаказанні, ёсць пэўная ступень страты здароўя. "Мы максімальна спрашчаем магчымасць атрымання пуцёвак", - падкрэсліў Аляксей Жалянкоў.
Разам з тым кантроль за дзейнасцю лагераў захоўваецца. Стацыянарныя лагеры будуць абавязаны накіроўваць інфармацыю аб тых, хто прайшоў аздараўленне, каб не было злоўжывання правам на аздараўленне. Адказнасць за прадастаўленне недакладных даных ускладзена на бацькоў.
"Мы не абмежавалі выдачу пуцёвак па месцы работы. Зрабілі так, што іх можна атрымаць цяпер не толькі па месцы работы за кошт таго, што ствараюцца дадатковыя механізмы кантролю", - сказаў Аляксандр Жалянкоў.
Яшчэ адна навацыя - заканадаўча замацавана паняцце "выхаваўча-аздараўленчы лагер". Да іх адносяцца ў тым ліку лагеры недзяржаўнай формы ўласнасці. Напярэдадні кожнага канікулярнага сезона будзе пацвярджацца іх адпаведнасць усім патрабаванням заканадаўства. Тыя, якія змогуць забяспечыць бяспечныя ўмовы, будуць уключаны ў спіс, што фарміруецца Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/1/77178
Текущая дата: 28.02.2025