Сёлета ў БДУ арганізавана дзейнасць каля 50 студэнцкіх атрадаў. У іх складзе працуе больш за тысячу студэнтаў універсітэта. Арганізатарам руху выступае Штаб працоўных спраў БРСМ БДУ. Пра свой трэці працоўны семестр расказваюць студэнты ўніверсітэта.
Другакурснік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Захар Статкевіч працуе важатым у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Хваля». Хлопец даўно хацеў паспрабаваць сябе ў ролі выхавальніка або настаўніка, і яго мара нарэшце ажыццявілася. Працоўны дзень студэнта падрабязна спланаваны: пад`ём, зарадка, прыбіранне тэрыторыі, мерапрыемствы, ціхі час, дыскатэка. «Як важаты я бяру на сябе поўную адказнасць за жыццё і здароўе ўсяго атрада. Бяспека дзяцей, мабыць, наш галоўны абавязак», — падкрэслівае Захар і канстатуе, што работа ў студатрадзе стала для яго незабыўным досведам.
Студэнтка другога курса біялагічнага факультэта Святлана Вішнеўская працуе ў аграгарадку Шчомысліца. Яе сельскагаспадарчы атрад дапамагае ў гадавальніку дэкаратыўных раслін БДУ. У абавязкі каманды ўваходзіць праполка і акультурванне, работа ў полі, выдаленне пустазелля. У гэтым занятку для дзяўчыны найбольш каштоўнае знаходжанне на свежым паветры, магчымасць падпрацаваць у свабодны летні перыяд і атрымаць новыя веды аб раслінах. Няпростая фізічная праца кампенсуецца сяброўскай атмасферай паміж студэнтамі і кіраўніцтвам. На думку Святланы, агульная справа гуртуе і спрыяе аб`яднанню. «Кожны дзень — як чысты аркуш. Ніколі не ведаеш, што адбудзецца, — расказала студэнтка. — Вы ж таксама не чакаеце па дарозе на работу ўбачыць, як літаральна за пяцьдзясят метраў ад вас прабяжыць казуля? А ў студатрадзе такіх цікавых гісторый хапае з лішкам».
Першакурснік хімічнага факультэта БДУ Павел Тучкоўскі ўступіў у вытворчы атрад на заводзе бытавой тэхнікі «Атлант». Ён працуе слесарам-зборшчыкам пральных машын і выконвае аперацыі на канвееры. Хлопцу падабаецца збіраць тэхніку, якую потым можна ўбачыць у сябе дома ў дзеянні. «Як толькі заходзіш у цэх, адразу адчуваецца рабочая атмасфера. Хочацца хутчэй узяцца за справу. Прызнаюся, што па першым часе было складана, але дружны калектыў дапамог прызвычаіцца, — дзеліцца ўражаннямі Павел. — Я не пашкадаваў, што прыйшоў працаваць менавіта сюды. Калі наступным летам мне прапануюць вярнуцца, абавязкова пагаджуся».
Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 19 ліпеня 2023
Звязда, 19 ліпеня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/10/70218
Текущая дата: 24.11.2024