Школьнікі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў БДУ заваявалі два бронзавыя медалі на XIX Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе (iGeo-2023). Спаборніцтва прайшло ў горадзе Бандунг (Інданезія).
Высокімі ўзнагародамі ўдастоены выпускнік віцебскай гімназіі № 2 Алег Паўловіч і навучэнец віцебскай гімназіі № 1 імя Ж.І.Алфёрава Вадзім Ігнаценка. Таксама ў склад каманды ўвайшлі выпускнік слуцкай гімназіі № 1 Раман Пенязь і навучэнка баранавіцкай сярэдняй школы № 18 Аляксандра Багданава.
Кіраўнікамі зборнай выступілі намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнароднаму супрацоўніцтву факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Аляксандр Карпічэнка і дацэнт кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі дадзенага факультэта Андрэй Безручонак.
Удзельнікам прапаноўвалася вырашыць мультымедыйны тэст, выканаць тэарэтычныя заданні па фізічнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і прадэманстраваць практычныя навыкі рашэння геаграфічных кейсаў у палявых умовах. Усе заданні выконваліся на англійскай мове. Адзначым, геаграфічныя міжнародныя алімпіяды з’яўляюцца адзінымі сярод прадметных, дзе матэрыялы для ўдзельнікаў не перакладаюцца на рускую мову.
Усяго ў iGeo-2023 прынялі ўдзел 177 школьнікаў з 46 краін свету.
Арганізатарам спаборніцтва ў гэтым годзе выступіла Міністэрства адукацыі, культуры, навукі і тэхналогій Рэспублікі Інданезія.
Даведка
Міжнародная геаграфічная алімпіяда (iGeo) праводзіцца з 1996 года пад патранажам Міжнароднага геаграфічнага саюза. Выпрабаванне накіравана на павышэнне цікавасці моладзі да геаграфічных і экалагічных даследаванняў. Удзельнікамі алімпіяды з’яўляюцца юныя географы ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў. За перыяд правядзення міжнароднага спаборніцтва колькасць краін-удзельніц пашырэла з 5 да 54 дзяржаў. Спаборніцтва праводзіцца штогод.
Надзея Нікалаева
Звязда, 16 жніўня 2023
Звязда, 16 жніўня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/10/70541
Текущая дата: 27.12.2024