На рахунку беларускіх падлеткаў залаты, два срэбныя і чатыры бронзавыя медалі на XV Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб Зямлі (IESO 2022). У гэтым годзе спаборніцтва праходзіла ў анлайн-фармаце ў групавым і індывідуальным турах.
Індывідуальнае «срэбра» заваявалі выпускнік гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Карскага Мікіта Віхараў і дзесяцікласніца Пастаўскай гімназіі Лізавета Афанасьева. Бронзавымі медалямі былі ўзнагароджаны выпускніца мінскай гімназіі № 36 Юлія Мацель, дзесяцікласнікі сярэдняй школы № 7 Кобрына Канстанцін Лаўрысюк, віцебскай гімназіі № 2 Віцебска Алег Паўловіч і слуцкай гімназіі № 1 Раман Пенязь.
Раман Пенязь заваяваў таксама залаты медаль у групавым туры ў складзе зборнай школьнікаў з Аўстраліі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Спецыяльнага адміністрацыйнага рэгіёну КНР — Макао, Тайваня (КНР) і Казахстана.
Акрамя таго, ад Беларусі ўдзел у алімпіядзе бралі выпускнік гімназіі № 8 Віцебска Арцём Прусакоў і дзесяцікласнік віцебскай гімназіі № 2 Назар Фамічоў.
Кіраўнікамі беларускай каманды выступілі дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Дзмітрый Курловіч і намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце факультэта Уладзімір Махнач.
У індывідуальным туры юныя географы дэманстравалі свае веды па геалогіі, метэаралогіі, акіянаграфіі і астраноміі. Згодна з правіламі групавога тура, удзельнікаў размеркавалі на міжнародныя каманды для выканання праблемных кейсаў па пытаннях мінімізацыі наступстваў змянення клімату на Зямлі. Усе заданні трэба было выконваць на англійскай мове.
Усяго ўдзельнікамі алімпіяды сталі 202 школьнікі з 40 краін свету.
Краінай-арганізатарам XV Міжнароднай алімпіяды па навуках аб Зямлі выступіла Італія.
Даведка:
Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі (IESO) праводзіцца штогод з 2007 года пад патранажам Міжнароднай адукацыйнай арганізацыі па навуках аб Зямлі. Арганізуецца яна сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. IESO заклікана прыцягнуць увагу грамадскасці да навук аб Зямлі, выявіць таленавітых і адораных навучэнцаў у гэтай прадметнай вобласці. За перыяд правядзення міжнароднага спаборніцтва геаграфія краін-удзельніц пашырылася ад 11 да 40 краін.
Надзея Нікалаева
Звязда, 4 верасня 2022
Звязда, 4 верасня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/15/66390
Текущая дата: 24.11.2024