Белорусский портал в Казахстане

Адкрытыя дэкламацыі антычнай паэзіі «AdMelpomenen» пройдуць у БДУ ў анлайн-фармаце



Да ўдзелу запрашаюцца ўсе ахвотныя студэнты і школьнікі без узроставых абмежаванняў з любых устаноў адукацыі краіны.

Ацэньваць чытальнікаў будуць у пяці намінацыях. У катэгорыі «Арыгінал» удзельніку трэба выразна прачытаць паэтычны твор аб’ёмам ад 7 да 20 радкоў на лацінскай ці старажытнагрэчаскай мове. У намінацыі «Фрыстайл» мяркуецца дэкламацыя верша на антычную тэматыку. Творчыя здольнасці можна будзе паказаць, прадставіўшы «Аўтарскі тэкст». Таксама вітаецца прачытанне «Літаратурнага» і «Уласнага перакладу» антычных твораў на беларускую ці рускую мову. У апошніх чатырох намінацыях аб’ём тэксту не павінен перавышаць 27 радкоў.

Для ўдзелу ў Адкрытых дэкламацыях трэба да 31 мая запоўніць анкету, зняць відэа свайго выступлення і выкласці яго на YouТube з хэштэгам #adMelpomenen.

Найлепшыя відэа размесцяць у сацыяльных сетках кафедры класічнай філалогіі БДУ.

Мерапрыемства праводзіцца з мэтай азнаямлення моладзі з антычнай культурай, а таксама папулярызацыі спецыяльнасцяў БДУ па класічнай філалогіі. Арганізатарам Адкрытых дэкламацый выступае філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Надзея Нікалаева
Звязда, 5 траўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/18/64784
Текущая дата: 24.11.2024