Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ні ў якім разе нельга знішчыць прафесійна-тэхнічную адукацыю



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 жніўня на Рэспубліканскім педагагічным савеце.

"Галоўнае, мы ні ў якім разе не павінны знішчыць прафтэхадукацыю", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы, інакш, паводле яго слоў, будуць каласальныя праблемы. Беларусь у гэтым у плане выгадна адрозніваецца ад многіх краін на постсавецкай прасторы, што адзначалася ў тым ліку на вышэйшым узроўні. Так, на адным з самітаў лідараў ЕАЭС прагучала просьба аб аказанні дапамогі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых кадраў. "На што Пуцін адказаў: "Вы ведаеце, у нас яшчэ вялікая праблема". Кажа: "Калі вам нешта і дапаможа (вядома, не ў тым аб`ёме, што вы хацелі б), гэта толькі Беларусь. Яны захавалі прафесійна-тэхнічную адукацыю. А мы яе пасля распаду Савецкага Саюза развалілі", - прывёў змест той размовы Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у іншых краінах постсавецкай прасторы ўжо адчулі вастрыню праблемы, у той час як для Беларусі яна цалкам вырашаемая за кошт захавання важнейшага звяна ў сістэме адукацыі - сістэмы прафтэхадукацыі. "У нас ёсць база, і мы можам на гэтай базе падрыхтаваць больш рабочых рук, майстроў, прарабаў. Гэта важнейшае звяно", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін станоўчы эфект ад адукацыі ў вучылішчы або каледжы - магчымасць атрымаць поўнае ўяўленне аб выбранай прафесіі, адчуць яе на практыцы, сфармаваць добрую базу для наступнай вучобы ў ВНУ. "Гэта ўжо сапраўды ўлюбёныя ў прафесію людзі. Іх не трэба агітаваць. Яны, калі аграрыі, або аграномы, або заатэхнікі, або эканамісты, - яны не пойдуць ужо ў іншую прафесію. Таму нам вельмі важна гэту сярэдзіну - паміж школай і ВНУ - абавязкова захаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што для якаснага прафесійна-тэхнічнага навучання зусім не трэба імкнуцца да стварэння ва ўстанове адукацыі "філіяла" сучаснага цэха з самымі сучаснымі ўзорамі абсталявання. Лепш наладзіць супрацоўніцтва з прадпрыемствамі, будаўнічымі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі, каб навучанне ішло непасрэдна на месцах. "Нам трэба вырашыць гэту праблему. Члены ўрада тут прысутнічаюць. Трэба прыняць рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.

27 жніўня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/2/75049
Текущая дата: 23.11.2024