Белорусский портал в Казахстане

Праграмісты з БДУ здзейснілі прарыў на студэнцкім Чэмпіянаце свету па праграмаванні



Каманда факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ стала на Чэмпіянаце свету па праграмаванні сярод студэнтаў (ICPС) срэбным прызёрам.

У зборную БДУ ўвайшлі выпускнікі факультэта Ягор Дубовік, Фёдар Карабейнікаў і чацвёртакурснік Аляксандр Кернажыцкі. У фінале яны вырашылі 11 задач з 15 прапанаваных. Срэбны медаль стаў каласальным прарывам беларусаў. Апошняя ўзнагарода Чэмпіянату свету імі была заваяваная ў 2013 годзе. Дарэчы, хлопцы з БДУ ўвайшлі ў чацвёрку срэбных прызёраў: такія ж медалі заваявалі студэнты з Уроцлаўскага ўніверсітэта (Польшча), Кембрыджскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) і Бухарэсцкага ўніверсітэта (Румынія).

Па правілах ICPС у фінале разыгрываліся па 12 прызавых месцаў: па чатыры залатых, срэбных і бронзавых медалёў. Абсолютнае першынство заваявала каманда Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.І.Лабачэўскага (Расія). Залатымі прызёрамі прызнаныя таксама студэнты Сеўльскага нацыянальнага ўніверсітэта (Паўднёвая Карэя), Універсітэта ІТМО і Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута (Расія). Бронза на рахунку каманд Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта радыёэлектронікі (Украіна), Ілінойскага ўніверсітэта ( Урбан-Шампейн, ЗША), Вышэйшай школы эканомікі (Расія) і Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (ЗША).

Усяго ў Маскве спаборнічалі 117 каманд з 63 краін свету. Ад Беларусі таксама выступіла зборная БДУІР, якая ў гэтым годзе ўвайшла ў шостую дзесятку фіналістаў.

Адметнасцю маскоўскага фіналу стала павелічэнне колькасці заданняў да 15 і выдзяленне для іх вырашэння на каманду трох камп’ютараў. Раней прапаноўвалася 12 задач у фінале і адзін камп’ютар на ўсіх.

Чэмпіянат свету па праграмаванні сярод студэнтаў з’яўляецца найбуйнейшым міжнародным спаборніцтвам моладзевай эліты сусветнага праграмавання. Ён праводзіцца з 1977 года міжнароднай арганізацыяй ACM у тры этапы: чвэрцьфінал, паўфінал і фінал. У 2020 годзе традыцыйны фінал ICPС быў перанесены з-за пандэміі.

Беларускія каманды пачалі свой удзел у Чэмпіянаце свету па праграмаванні сярод студэнтаў з 1995 года.

За ўсю гісторыю ўдзелу ў чэмпіянаце ў скарбонцы БДУ залаты медаль (2004 год, Чэхія), бронза (2008 г., Канада) і дзве срэбныя ўзнагароды (2012, Польшча і 2013 г., Расія).

Наступны фінал ICPC адбудзецца ў лістападзе 2022 года ў Бангладэш.

Надзея Нікалаева
Звязда, 6 кастрычніка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/21/60868
Текущая дата: 24.11.2024