Падчас конкурсу яго ўдзельнікі распрацоўвалі праекты мадэльнага закона па розных аспектах грамадскага жыцця: ад трансплантацыі да грамадскага экалагічнага кантролю і кіберсквоцінгу.
Другакурсніцы юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Казлоўская і Кацярына Лукашэня перамаглі ў конкурсе «Мадэльнае заканадаўства Саюзнай дзяржавы XXI». Іх навуковыя работы «Аб асновах заканадаўства ў галіне цэнаўтварэння Саюзнай дзяржавы» і «Аб асновах заканадаўства аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека ў рамках Саюзнай дзяржавы» былі адзначаны дыпломамі і памятнымі прызамі сярод прадстаўленых 25 праектаў студэнтаў з Беларусі і Расіі.
Таксама ў лік прызёраў увайшоў калектыў студэнтаў Маскоўскага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта з работай «Мадэльныя законы Саюзнай дзяржавы аб моладзевай палітыцы».
Ацэньваліся актуальнасць пастаўленай задачы, арыгінальнасць і абгрунтаванасць метадаў, навізна атрыманых вынікаў, узровень юрыдычнай тэхнікі законапраекта і іншыя аспекты.
Абарона праектаў прайшла ў анлайн-фармаце перад конкурснай камісіяй, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Моладзевай палаты, дэпутаты Парламенцкага сходу саюзных краін і парламентаў Беларусі і Расіі.
Конкурс быў ініцыяваны Маладзёжнай палатай пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Яго мэта — садзейнічанне развіццю прававой культуры ў моладзевым асяроддзі.
Надзея Нікалаева
Звязда, 14 верасня 2021
Звязда, 14 верасня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/22/60516
Текущая дата: 24.11.2024