Белорусский портал в Казахстане

Белстат: у школах Беларусі працуюць больш за 111 тыс. настаўнікаў, 86,5 працэнта з іх складаюць жанчыны



У школах Беларусі працуюць больш за 111 тыс. настаўнікаў, 86,5 працэнта з іх складаюць жанчыны. Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

"Колькасць настаўнікаў (уключаючы сумяшчальнiкаў) ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны ў 2020/2021 навучальным годзе склала 111,4 тыс. чалавек (у тым ліку ў гарадах і пасёлках - 77,9 тыс. чалавек, сельскай мясцовасці - 33,5 тыс. чалавек). У агульнай колькасці настаўнікаў, якія выкладаюць асобныя прадметы, прадстаўнікі моцнага полу на пачатак 2020/2021 навучальнага года склалі 18,3 працэнта, - расказалі ў Нацстаце. - у Беларусі функцыянуе 3009 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе навучаецца больш за 1 млн вучняў. У сярэднім на аднаго настаўніка прыпадае 10 вучняў: у гарадскіх школах - 11, у сельскіх - 5 вучняў".

Сярэдняя заработная плата настаўніка ў студзені-жніўні 2021 года склала Br1139,5.

Статыстычны партрэт беларускага настаўніка. Пол - жанчына (86,5 працэнта). Месца працы - дзяржаўная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі (99,6 працэнта). Кваліфікацыйная катэгорыя - вышэйшая або першая (78,7 працэнта). Стаж работы па спецыяльнасці - больш за 15 гадоў (68,6 працэнта).

Топ-5 прадметаў па колькасці настаўнікаў-мужчын: фізічная культура - 62,7 працэнта, дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка - 58,3 працэнта, працоўнае навучанне - 42,4 працэнта, фізіка - 34,3 працэнта, гісторыя і іншыя грамадскія дысцыпліны - 29,3 працэнта, настаўнікаў-жанчын: руская мова і літаратура - 97,9 працэнта, беларуская мова і літаратура - 97,4 працэнта, замежныя мовы - 95 працэнтаў, хімія - 91,5 працэнта, біялогія - 91,1 працэнта.

"У адпаведнасці з Парадкам дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, прынятым дзяржавамі - членамі ААН, адной з найважнейшых умоў павышэння якасці жыцця людзей з`яўляецца атрыманне адукацыі. Мэта "Забеспячэнне ўсёахопнай і справядлівай якаснай адукацыі і заахвочванне магчымасці навучання на працягу ўсяго жыцця для ўсіх" накіравана на павышэнне даступнасці і якасці адукацыі ў адпаведнасці з патрэбнасцямі інавацыйнай эканомікі і патрабаваннямі інфармацыйнага грамадства, развіццё сістэмы бесперапыннай адукацыі", - дадалі ў ведамстве.

У Беларусі Дзень настаўніка традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка. У гэтым годзе свята прыпадае на 3 кастрычніка.

1 кастрычніка 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/22/60782
Текущая дата: 24.11.2024