Белорусский портал в Казахстане

Прыём заявак у праграму “Настаўнік для Беларусі” завяршаецца 23 траўня



Цяпер у рэгіёнах краіны выкладае ўжо больш за 30 “настаўнікаў для Беларусі” (9 удзельнікаў першага набору і 22 — другога), праграма ахапіла літаральна ўсю краіну (19 школ-партнёраў).

Хтосьці з нас нарадзіўся, рос і вучыўся ў буйных гарадах, а хтосьці – у невялікіх мястэчках і вёсках. Мы знаходзіліся ў розным сацыяльным кантэксце і мелі вельмі розныя магчымасці для росту і развіцця. Камусьці пашанцавала крыху больш, камусьці - менш.

Каманда і ўдзельнікі Праграмы "Настаўнік для Беларусі” імкнуцца зрабіць так, каб гэта розніца нівеліравалася. Каб кожнаму дзіцяці ў Беларусі была аднолькава даступная якасная і сучасная адукацыя, незалежна ад месца, дзе ён жыве і вучыцца: у “моцнай” школе вялікага горада з мноствам  магчымасцяў для развіцця або ў маленькім населеным пункце, дзе не хапае настаўнікаў па розных прадметах. 

Каб далучыцца да праекта, трэба мець вышэйшую адукацыю па стане на 1 верасня бягучага года, прайсці адбор у праграму, узяць удзел у летнім чатырохтыднёвым інтэнсіве, быць гатовымі адправіцца на два гады выкладаць у школу ў адзін з рэгіёнаў Беларусі, любіць свой прадмет і дзяцей. Дарэчы, стаць удзельнікамі праекта могуць не толькі выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў і вопытныя настаўнікі: праграма стала даступная для ўсіх уладальнікаў дыпломаў аб вышэйшай адукацыі — апошнія праходзяць адпаведную перападрыхтоўку ў магістратуры БДПУ.

Удзельнікі праекта атрымліваюць пастаянную падтрымку куратара і метадыста, праектную падтрымку, стыпендыю ў дадатак да асноўнага заробку ў школе, кампенсацыю на арэнду жылля, магчымасць вучыцца ў магістратуры (для ўдзельнікаў без педагагічнай адукацыі) і ноўтбук для зручнай работы.

Каб стаць удзельнікам праграмы ці школай-партнёрам, трэба спампаваць і запоўніць заяўку на сайце http://teach4.by.

Надзея Нікалаева
Звязда, 23 траўня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/23/59369
Текущая дата: 24.11.2024