Белорусский портал в Казахстане

Не толькі айцішнікі, але і тэолагі: у якіх ВНУ ёсць конкурс на платнае?



Падача дакументаў на платнае аддзяленне ідзе ў Беларусі поўным ходам: многія толькі некалькі дзён таму даведаліся пра тое, што не трапляюць на бюджэт.

Падача дакументаў у ВНУ Беларусі на платнае аддзяленне працягваецца да 4 жніўня. За некалькі дзён да канца прыёму конкурс склаўся далёка не на ўсіх спецыяльнасцях нават у мінскіх універсітэтах. 

Журналісты, гісторыкі і тэолагі

Цікава, што ў Інстытут бізнесу Белдзяржуніверсітэта конкурсу на платнае пакуль няма. Аднак яго варта чакаць у бліжэйшы час: на 290 месцаў пададзена 282 заявы. Пры гэтым у Інстытут тэалогіі імя святых Кірылы і Мяфодзія конкурс ужо склаўся. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што на пяць месцаў пададзена роўна пяць заяў.

Колькасць пададзеных заяў раўняецца колькасці месцаў і на гістарычным факультэце. Склаўся конкурс і на "Інфармацыю і камунікацыю" журфака: на 15 платных месцаў прэтэндуюць 19 чалавек.

На факультэце міжнародных адносін, які штогод здзіўляе прахаднымі баламі, конкурс ёсць на "Лінгвакраіназнаўства", "Міжнароднае права" і "Міжнародныя адносіны".

Цікава, што ёсць конкурс і на хімічны факультэт: на 34 месцы платнай формы ужо прэтэндуюць 50 чалавек. Традыцыйна запатрабаваны і юрфак, дзе колькасць заяў даўно перавысіла колькасць месцаў.

Ідзі ў "айці"

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) на платнае аддзяленне конкурс склаўся па ўсім факультэце: на 1045 месцаў пададзена 1145 заяў, то бок прахадныя балы будуць таксама немаленькімі.

Найбольш запатрабаваны на сёння факультэт камп`ютэрных сістэм і сетак, дзе на 395 месцаў пададзена 442 заявы, а таксама факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання (375 на 295).

На "айцішным" факультэце БНТУ таксама склаўся конкурс: 126 заяў на 111 месцаў. Найбольшым попытам карыстаецца спецыяльнасць "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій".

Аналагічна - і на спецыяльнасці "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій" у БДТУ: 79 заяў пры плане прыёму ў 62. Конкурс і на кірунку "Дызайн электронных і вэб-выданняў": 51 заява на 48 месцаў.

Маркетолагі, медыкі і не толькі

Конкурс на сёння ёсць і на факультэце маркетынгу і лагістыкі: на 75 месцаў "Маркетынгу" пададзена 101 заява, на 15 "Рэкламнай дзейнасці" - 24, а на 25 "Лагістыкі" - 33. Ёсць конкурс і на факультэт міжнародных бізнес-камунікацый, а таксама права.

У прафсаюзным універсітэце МІПСА на платнае ўжо конкурс ёсць на "Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый" (бягучы прахадны бал - 206), а таксама на "Менеджмент" (188 балаў), "Маркетынг" (200) і "Лагістыку" (211).

На ўсіх факультэтах конкурс на платнае склаўся ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (БДМУ). Найбольшы конкурс - на педыятрычны факультэт: ужо больш за два чалавекі на месца.

У МДЛУ конкурс склаўся на спецыяльнасці "Сучасныя замежныя мовы (выкладанне): французская мова (на базе французскай / англійскай мовы) і другая замежная мова са спецыялізацыяй", а таксама на аналагічную з кітайскай мовай. Колькасць жадаючых перавышае колькасць месцаў і на перакладчыцкім факультэце, а таксама на міжкультурнай камунікацыі.

Ці зменяцца прахадныя балы на платнае і які складзецца конкурс у цэлым у ВНУ будзе зразумела ўжо 4 жніўня.

Sputnik, 31 ліпеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/37/49004
Текущая дата: 24.11.2024