Белорусский портал в Казахстане

Чатыры медалі заваявалі беларускія школьнікі на алімпіядзе па фізіцы ў Партугаліі



У Лісабоне падвялі вынікі 49-й International Physics Olympiad (IphO), беларускія ўдзельнікі заваявалі два сярэбраныя і два бронзавыя медалі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

Срэбныя медалі заваявалі выпускнік ліцэя БДУ Яўген Ганковіч і вучань гімназіі нумар 1 Барысава Яўген Дзядкоў. Бронзавымі медалямі ўзнагароджаны выпускнік Гомельскага гарадскога ліцэя нумар 1 Мікалай Зунікаў і выпускнік ліцэя БДУ Уладзіслаў Фядурка.

Кіраўнікі каманды - загадчык кафедры агульнай фізікі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Анатоль Слабадзянюк і загадчык кафедры фізікі ліцэя БДУ Леанід Марковіч.

Міжнародная фізічная алімпіяда (IPhO) - прэстыжнае інтэлектуальнае спаборніцтва ва ўменні рашаць складаныя задачы. Яе адрозненне ад міжнароднай матэматычнай алімпіяды (IMO) заключаецца ў тым, што ўдзельнікі разам з тэарэтычнымі задачамі рашаюць эксперыментальныя, што павышае складанасць спаборніцкага марафону і абумоўлівае правядзенне двух конкурсных тураў.

Абодва туры праводзяцца ў розныя дні, на кожны з іх даецца па пяць гадзін. Задачы для алімпіяды рыхтуюцца прадстаўнікамі краіны-арганізатара.

49-я IphO сабрала ў Партугаліі больш за 400 удзельнікаў з 90 краін свету.

31 ліпеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/42/44435
Текущая дата: 24.11.2024