Белорусский портал в Казахстане

У прафліцэях і каледжах Беларусі пачнуць вучыць на аператара лічбавага друку і вытворцаў тварагу



Аб гэтым 18 жніўня паведаміла кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Таццяна Арцем`ева.

Установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларусі ў 2017 годзе пачнуць падрыхтоўку па пяці новых спецыяльнасцях.  

Таццяна Арцем`ева праінфармавала, што ў гэтым годзе "ў сувязі з існуючай патрэбнасцю арганізацый-заказчыкаў кадраў будзе пачата падрыхтоўка па пяці новых прафесіях: электрамеханік па сродках аўтаматыкі і прыборах тэхналагічнага абсталявання, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, аператар лічбавага друку, кузаўшчык, спецыяліст па вытворчасці тварагу".

Усяго ж у беларускіх прафесійна-тэхнічных каледжах, вучылішчах і прафесійных ліцэях можна атрымаць 251 прафесію. Пры гэтым доля спецыяльнасцей рэальнага сектара эканомікі складае каля 80 працэнтаў.

Таццяна Арцем`ева адзначыла, што структура прыёму пастаянна ўдасканальваецца ў адпаведнасці з існуючай патрэбнасцю рэгіянальных рынкаў працы.

"Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі вельмі гібка рэагуе на гэтыя працэсы", - дадала яна.

Ва ўстановы прафтэхадукацыі плануецца прыняць 29,9 тыс. чалавек, крыху менш, чым у мінулым годзе. Паводле апошніх даных, на дзённае пададзена ўжо 26,7 тыс. заяў, або 96,3 працэнта ад запланаваных кантрольных лічбаў прыёму.

"Працэс падачы дакументаў для атрымання рабочай прафесіі ідзе крыху актыўней, чым у мінулым годзе", - адзначыла спецыяліст.

Напрыклад, у Мінскай вобласці і Мінску колькасць пададзеных заяў перавышае ўжо кантрольныя лічбы прыёму, набліжаецца да гэтага Магілёўская вобласць.

Прадаўжаецца набор на вячэрнюю форму навучання, куды пададзена ўжо больш як тысяча заяў. План прыёму тут таксама блізкі да выканання. Таццяна Арцем`ва назвала самыя запатрабаваныя ў паступаючай у ліцэі і каледжы моладзі прафесіі.

Гэта аператар камп`ютарнай графікі, цырульнік, повар, кандытар, машыніст крана, слесар па рамонце аўтамабіляў, электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі, вадзіцель аўтамабіля са спецыялізацыяй міжнародныя перавозкі, прафесіі, якія адносяцца да чыгуначнага транспарту.

Прыём дакументаў на дзённую і вячэрнюю форму навучання ва ўстановах прафтэхадукацыі завяршаецца 20 жніўня. Прымаць дакументы на завочнае тут будуць 1-10 кастрычніка.

18 жніўня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/47/40440
Текущая дата: 24.11.2024