Адміністрацыя БДУ на сайце ВНУ апублікавала кошт пераздачы залікаў і экзаменаў.
Як адзначаецца ў дакуменце, кошт адукацыйных паслуг, якія аказваюцца пры ліквідацыі акадэмічнай запазычанасці і акадэмічнай розніцы ў вучэбных планах для беларускіх грамадзян, складае: за пераздачу экзамена (дыферэнцыраванага заліку) у прафесара — 53 тыс. рублёў, дацэнта — 50 тыс., выкладчыка без навуковай ступені — 47 тыс., заліку — 37, 35 і 33 тыс. адпаведна.
Кіраўніцтва выкананнем і абарона курсавой работы ацэнена ад 516 тыс. рублёў (пад кіраўніцтвам выкладчыка без навуковай ступені на першым курсе) да 945 тыс. (пад кіраўніцтвам прафесара на пятым курсе), а кіраўніцтва выкананнем і абарона дыпломнай работы (праекта) — ад 2 млн. 732 тыс. да 3 млн. 24 тыс. адпаведна.
Самая дарагая паслуга пры ліквідацыі акадэмічнай запазычанасці і акадэмічнай розніцы — кіраўніцтва выкананнем і абарона магістэрскай дысертацыйнай работы: 3 млн. 745 тыс. пад кіраўніцтвам прафесара.
Як паведамлялася раней, частка студэнтаў БДУ з руху "Студэнты супраць" выступілі супраць увядзення платы ў ВНУ за ліквідацыю акадэмічнай запазычанасці. Студэнты звярталі ўвагу, што іх меркаванне не ўлічвалася пры прыняцці рашэння. У пачатку лістапада студэнты БДУ арганізавалі збор подпісаў пад зваротам да міністра адукацыі і рэктара сваёй ВНУ супраць плануемага ўвядзення платы за паўторную здачу залікаў і экзаменаў. 11 лістапада зварот, пад якім падпісалася больш за 2,5 тыс. чалавек, перадалі ў рэктарат БДУ, аднак ужо на наступны дзень палажэнне аб аплаце ў ВНУ было прынята.
Каб звярнуць увагу на свае праблемы, студэнты пачалі збор подпісаў на сайце zvarot.by пад петыцыяй "Абараніце студэнтаў ад пабораў адміністрацыі!". Петыцыю падпісалі 797 чалавек.
На пасяджэнні круглага стала ў Мінску 19 лістапада ініцыятары звароту паведамілі, што на студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў зборы подпісаў, аказваецца ціск. Рэктар БДУ абверг гэту інфармацыю.
Актывісты руху "Студэнты супраць" вырашылі правесці марш студэнтаў 2 снежня ў Мінску. Рэакцыяй на ініцыятыву стаў зварот рэктара БДУ да студэнтаў і флэшмоб у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" "Я — частка БДУ". Яго арганізатар прэс-сакратар пярвічкі БРСМ у БДУ Станіслаў Пінчук паведаміў, што мэта флэшмоба — "падтрымаць універсітэт і сфарміраваць пазітыўны імідж БДУ ў вачах студэнтаў".
Алена Спасюк, БелаПАН
Мінск, 30 лістапада 2015
Мінск, 30 лістапада 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/56/33426
Текущая дата: 24.11.2024