Пра гэта гаворыцца ў каментарыі прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі Беларусі, апублікаваным на сайце ведамства.
Як паведамлялася раней, цэны на навучанне ў 2015/2016 навучальным годзе беларускія ВНУ павысілі ў сярэднім на 10—15%. Напрыклад год вучобы на першым курсе дзённага аддзялення галоўнай ВНУ краіны — Белдзяржуніверсітэта — будзе каштаваць ад 19,48 млн. да 24,68 млн. рублёў (летась максімальны кошт навучання складаў 21,52 млн.).
Прэс-цэнтр Мінадукацыі адзначае, што "цэны на навучанне на платнай аснове ў дзяржаўных установах адукацыі вызначаюцца зыходзячы з неабходных затрат на падрыхтоўку спецыяліста па канкрэтнай спецыяльнасці".
Ведамства падкрэслівае, што "ў дзяржаўных установах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі кошт навучання на платнай аснове, устаноўлены з 1 верасня 2014 года, заставаўся нязменным на працягу 2014/2015 навучальнага года", нягледзячы на павышэнне ў гэты перыяд зарплат работнікаў бюджэтных арганізацый, а таксама росту тарыфаў на камунальныя паслугі, паслугі сувязі.
Мінадукацыі нагадвае, што "ў адпаведнасці з заканадаўствам ВНУ і ССНУ ўстанаўліваюць з 1 верасня 2015 года кошт навучання для навучэнцаў I курсу з улікам наяўнага памеру тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай для работнікаў бюджэтных арганізацый, узроўню цэн і тарыфаў на камунальныя паслугі і паслугі сувязі па стане на 1 ліпеня 2015 года".
"Кошт навучання па раней заключаных дагаворах на навучанне (для навучэнцаў II—V курсаў) з 1 верасня не змяняецца", — запэўнілі ў Мінадукацыі.
Адзначаецца таксама, што "на падставе заяў грамадзян, улічваючы сацыяльную значнасць падрыхтоўкі спецыяліста на платнай аснове, кіраўнікі дзяржаўных устаноў адукацыі могуць збіраць плату за навучанне з адтэрміноўкай або растэрміноўкай плацяжу".
"Звяртаем увагу, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі нясуць персанальную адказнасць за неабгрунтаванае павышэнне кошту навучання", — падкрэсліваецца ў каментарыі.
БелаПАН
Мінск, 19 ліпеня 2015
Мінск, 19 ліпеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/57/32063
Текущая дата: 28.12.2024