Белорусский портал в Казахстане

Праект "Сетцы ўсе ўзросты падуладныя" вясной адкрые новыя навучальныя цэнтры ў Мінску, Гомелі, Гродне і Наваполацку



Навучанне пенсіянераў валоданню камп`ютарам у межах праекта "Сетцы ўсе ўзросты падуладныя" вясной будзе праходзіць у 30 адукацыйных цэнтрах у розных гарадах краіны.

Як паведамляе прэс-служба кампаніі "МТС", новыя навучальныя класы будуць адкрытыя ў Мінску, Гомелі, Гродне і Наваполацку. У сталіцы дадатковыя класы будуць створаныя ў цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання Партызанскага і Ленінскага раёнаў, а таксама ў Мінскай раённай бібліятэцы ў Міханавічах. У Гомелі пенсіянераў пачнуць вучыць у Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце і навучальным цэнтры IT Class, у Гродне — у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання Кастрычніцкага раёна. Першы клас "Сетцы ўсе ўзросты падуладныя" адкрыецца ў Наваполацку. З поўным спісам усіх навучальных цэнтраў можна азнаёміцца на старонцы праекта www.vozrast.mts.by.

Для выкладання ў класах плануецца прыцягнуць больш за 150 валанцёраў. Акрамя таго, у межах праекта будзе запушчаны новы кірунак па вывучэнні планшэтаў і смартфонаў, для якога таксама спатрэбяцца выкладчыкі. 

"За паўтара года існавання праекта мы пераканаліся, якую вострую праблему грамадства ён вырашае: дапамагае людзям рознага ўзросту лепш зразумець адзін аднаго, а старэйшаму пакаленню дае магчымасць камфортна жыць у сучасным тэхналагічным свеце. Менавіта таму мы маштабуем праект "Сетцы ўсе ўзросты падуладныя" і адкрываем новыя класы як у Мінску, так і ў рэгіёнах краіны", — адзначыў кіраўнік камерцыйнага дэпартамента "МТС" Яўген Бранцаў. 

Паводле яго слоў, на курсах пенсіянеры "досыць лёгка асвойваюць праграму" і хутка становяцца ўпэўненымі інтэрнэт-карыстальнікамі. "Веды выкладчыкаў-валанцёраў даюць ім білет у сучаснае жыццё. Менавіта таму для працы з пенсіянерамі мы шукаем спагадных, шчырых, адказных людзей, здольных дапамагаць тым, каму гэта патрэбна", — сказаў Бранцаў. 

Каб далучыцца да каманды выкладчыкаў, неабходна да 15 сакавіка запоўніць заяўку на старонцы праекта. Валанцёры могуць выбраць навучальны клас, больш зручны для іх па размяшчэнні і часе заняткаў. 

Праект "Сетцы ўсе ўзросты падуладныя" быў запушчаны паўтара года таму ў сталіцы, а затым распаўсюдзіўся на іншыя гарады краіны. У класах праекта ўжо прайшлі бясплатнае навучанне прыкладна дзве тысячы пенсіянераў Мінска, Гомеля, Брэста, Гродна, Віцебска, Магілёва і Бабруйска.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 14 лютага 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/58/29662
Текущая дата: 24.11.2024