Белорусский портал в Казахстане

Гамяльчанін Генадзь Караткевіч перамог у міжнародным чэмпіянаце па праграмаванні "Яндэкс.Алгарытм"



Як паведамляе прэс-служба кампаніі "Яндэкс", фінал чэмпіянату па спартыўным праграмаванні прайшоў 1 жніўня ў Берліне.

Сёлета за перамогу ў чэмпіянаце змагаліся 3.890 удзельнікаў з 72 краін, у тым ліку 161 — з Беларусі. Паводле вынікаў адборачнага тура ў фінал выйшлі 25 наймацнейшых праграмістаў з Беларусі, Казахстана, Кітая, Польшчы, Расіі, ЗША, Тайваня, Украіны і Японіі. Генадзь Караткевіч стаў адзіным прадстаўніком Беларусі ў фінале.

У вырашальным раўндзе Караткевіч за 100 хвілін правільна рашыў чатыры задачы з шасці і фінішаваў усяго з 66 штрафнымі хвілінамі. Другім завяршыў спаборніцтвы Хасака Кацухіра з Японіі (Такійскі ўніверсітэт), які таксама рашыў чатыры задачы, але з 90 штрафнымі хвілінамі, а трэцім — Ван Кіншы з кітайскага ўніверсітэта Ціньхуа з чатырма дакладна рэшанымі задачамі і 125 хвілінамі штрафу. Чэмпіён "Алгарытму" атрымаў грашовы прыз у 300 тысяч расійскіх рублёў. Узнагарода за другое і трэцяе месца склала 150 і 90 тысяч расійскіх рублёў адпаведна.

Як адзначаецца ў паведамленні, Караткевіч ужо другі раз запар перамагае ў гэтых спаборніцтвах: летась ён таксама забраў галоўны прыз, апярэдзіўшы расіяніна Яўгена Капуна (НДУ ІТМО) і прадстаўніка Тайваня Шы Бісюня (яны занялі другое і трэцяе месцы адпаведна).

Спаборніцтвы праходзілі на платформе "Яндэкс.Contest" — гэта сэрвіс для трэніроўкі і спаборніцтваў праграмістаў. Заданні рыхтавала міжнародная каманда, у якую ўвайшлі спецыялісты з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы і ЗША. Трое з іх — супрацоўнікі мінскага офіса "Яндэкса" Аляксей Тоўсцікаў, Раман Удавічэнка і Сяргей Жгіроўскі, якія і самі ўдзельнічаюць у розных міжнародных чэмпіянатах па праграмаванні, і рыхтуюць маладое пакаленне спартсменаў, гаворыцца ў паведамленні.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 1 жніўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/59/26944
Текущая дата: 24.11.2024